Воробьёв Андрей

 Вараб’ёў Андрэй Алегавіч нарадзіўся 10 сакавіка 1969 года ў горадзе Магілёве. Скончыў аддзяленне скульптуры Мінскага мастацкага вучылішча імя А. К. Глебава, аддзяленне манументальнай скульптуры УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў».

Да 2005 г. выкладаў выяўленчае мастацтва ў УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова». У 2017 г. у г. Магілёве па праспекце Міру 2А адкрылася прыватная мастацкая галерэя Андрэя Вараб’ёва.

Удзельнік мастацкіх выстаў. Член Беларускага саюза мастакоў. З 2013 г. старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў.

Працуе ў манументальнай і станковай скульптуры. У творчасці пераважаюць філасофскія разважанні на тэму чалавечага быцця, непаўторнасці, далікатнасці і прыгажосці чалавечага жыцця, тэма кахання.

Сярод твораў: “Аўтапартрэт з прыкметамі старэння» (1999), «Пясочны гадзіннік, або кароль і каралева» (2009), «Удваіх» (2013), «Маска-крыж», “Бясконцасць у форме маіх галоў”.

Аўтар экстэр’ерных прац: скульптуры львоў на мосце (г. Магілёў), скульптурнай кампазіцыі «Маленькі прынц» на фантане (г. Магілёў), «Развітанне» (г. Быхаў Магілёўскай вобл.), кампазіцыі «Агурок» (г. Шклоў Магілёўскай вобл.).

Творы знаходзяцца ў фондах «Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь», «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь», у прыватных калекцыях у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой.