«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»

14 кастрычніка ў рамках крэатыў-праекта «Арт-акно як аб’ект культурнай прасторы бібліятэкі» ў вокнах бібліятэкі адкрылася выстава графікі магіляўчанкі Баглей Людмілы Мікалаеўны «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» паводле твора легендарнага пісьменніка-рамантыка Яна Баршчэўскага.

На выставе прадстаўлены аўтарскія замалёўкі Людмілы Баглей.

На гэтую творчую працу яе натхнілі містычныя гісторыі кнігі.

Містыка і фальклор, гісторыя і сучаснасць, цуды і страхі – ўсё знітавана ў наваколлі магічнага возера Нешчарда, куды вяртаецца з паўночнай сталіцы Расійскай імперыі пляменнік шляхціца Завальні Ян. Былы вучань Полацкага калегіума апынаецца ў гушчы нечаканых падзей: страта сябра і барацьба за каханне, пагроза над Айчынай. У канфлікце рэальнасці і непраяўленага свету разгортваюцца падзеі ў вокнах бібліятэкі.

Да ведама:

Аўтар графічных малюнкаў Людміла Баглей нарадзілася і вырасла ў г. Магілёве. Вучылася ў ДУА «Сярэдняя школа № 24 г. Магілёва».

Скончыла Магілёўскі архітэктурна-будаўнічы каледж па спецыяльнасці «Архітэктура». Працягвала вучобу па спецыяльнасці ў БДПА ў Мінску.

Працавала архітэктарам ў адным з праектных інстытутаў г. Мінска.

З дзяцінства любіць чытаць і маляваць. І вось, праз гады, зноў адкрыла для сябе цудоўны свет творчасці.

Кніжная ілюстрацыя па сваёй сутнасці дзіўная, спалучае ў сабе свет малюнка і свет кнігі, тэксту. І як лічыць Людміла, любая творчасць — свет, у якім, дзе рэальнасць, а дзе выдумка — кожны вызначае для сябе сам.

І як першая спроба алоўка — малюнкі да зборніка беларускіх легенд Яна Баршчэўскага.

Выстава будзе дэманстравацца да 10 лістапада.

(вул. Першамайская, 30)

    

Views: 46