I заўсёды ў віхурах вякоў і нягод,
У зямной непагодзе суровай,
Вылучала між іншых мой мужны народ
Беларуская родная мова.
Дык чаруй жа людзей паміж моваў другіх
I гучы вечна ярка і нова,
Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх —
Беларуская родная мова!
Алесь Ставер
21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, які быў абвешчаны ЮНЕСКА. З прапановай увесці такі дзень выступіў Бангладэш, дзе 21 лютага 1957 года, адстойваючы права вучыцца на роднай мове, загінулі пяць студэнтаў. Сёння ў нашым рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.
Нам, беларусам, у спадчыну засталася ўнікальная мова – прыгожая, мілагучная, спеўная і лагодная.
Супрацоўнікі цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К. Маркса правялі інтэлектуальны турнір “Пявучы голас роднай мовы” для навучэнцаў 8 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Магілёва” і 11 класа ДУА “Сярэдняя школа №21 г.Магілёва”.
Падчас турніра ўдзельнікам было прапанавана адказаць на пытанні сур’ёзнай і вясёлай віктарыны, перакласці словы з рускай мовы на беларускую, разгадаць крыжаванку, пагуляць у розныя гульні.
Удзельнікі турніра атрымалі добры настрой на ўвесь дзень.
Views: 29