Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
П. Панчанка
17 лютага ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К. Маркса да Міжнароднага дня роднай мовы сярод навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Магілёва” ў рамках МАЙСТЭРНІ “Hobby Boom” прайшоў майстар-клас «Лялька беларуская. Знаёмая незнаёмая».
Дзяўчынкі пад кіраўніцтвам народнага майстра Беларусі Сыцікавай Вольгі Міхайлаўны зрабілі беларускую цацку-сувенір з тэкстылю і саломы, а таксама сплялі арыгінальны бранзалет з саломы. Тыя навыкі, якія атрымалі вучні ад Вольгі Міхайлаўны змогуць прымяніць у сваёй вучобе на практыцы.
Увазе моладзі была прадстаўлена выстава, дзе можна было больш падрабязней пазнаёміцца з працамі народнага майстра Беларусі. Гэта лялькі ў традыцыйных беларускіх касцюмах, анёлы, дэкаратыўныя сурвэткі з сюжэтнай кампазіцыяй.
Знаёмства дзяцей з традыцыйнымі беларускімі лялькамі дапамагае нам адкрыць новыя грані гісторыі і культуры нашага народа.
Для інфармацыі:
Вольга Міхайлаўна Сыцікава — адна з яркіх прадстаўніц народнай творчасці Магілёўшчыны. У 1980 годзе прыйшла працаваць на РУВП «Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў» ў якасці вытворцы сувеніраў з лёну. У 1991-м стала мастаком народна-мастацкіх промыслаў. Пастаянна працуе над распрацоўкай новых відаў сувеніраў з лёну і саломкі. У 1993 годзе завочна скончыла Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум па спецыяльнасці «тэхнолаг па ткацтве». У 2008 годзе ўступіла ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. У 2012 годзе Сыцікавай В.М. прысвоена званне народны майстар Беларусі. У 2017 годзе яна пацвердзіла званне народнага майстра Беларусі. За амаль трыццацігадовы творчы перыяд Вольга Сыцікава распрацавала і ўкараніла ў вытворчасць больш за 3000 новых вырабаў. Яна стварыла вялікую калекцыю сувеніраў да традыцыйных абрадавых свят Беларусі, такіх як: «Купалле», «Каляды», «Дажынкі». Яна ўдзельнік разнастайных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, кірмашоў, фестываляў.
Майстрыха ўзнагароджана 46 граматамі, дыпломамі і падзякамі. Яе дапаможнікамі ў творчым працэсе, таксама сталі кнігі беларускіх аўтараў.
Views: 81