Цікавыя мерапрыемствы ў Дзень роднай мовы

«Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову»
Якуб Колас

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, і ў гэты дзень у цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К. Маркса прайшоў МОЎНЫ МАРАФОН «Дакраніся да сэрца». На працягу амаль усяго дня для нашых чытачоў і запрошаных гасцей былі арганізаваны розныя мерапрыемствы.

Так, для навучэнцаў ДУА «Сярэдняя школа №21 г.Магілёва» прайшла гульня-падарожжа «Родная мова, цудоўная мова!», дзе дзеці прынялі ўдзел у «Вясёлай віктарыне», «Літара заблудзілася», складалі з літар словы.

Студэнты МДУ імя А. Куляшова падрыхтавалі моўны практыкум «Пра мову». На мерапрыемстве гучалі вершы, як вядомых беларускіх паэтаў, так і вершы паэтаў-пачаткоўцаў у аўтарскім выкананні. Навучэнцам сацыяльна-гуманітарнага каледжа была прапанавана тэматычная анлайн-гульня, якую змадэлявалі самі студэнты: загадкі, пераклад беларускіх слоў на рускую мову, выказванні, якія трэба было прадоўжыць і іншыя лінгвістычныя заданні.

Вельмі цікавай была хвілінка спазнанняў «Беларускае – самае маё!». У гэтым мерапрыемстве чытачам было прапанавана некалькі гульняў і заданняў, якія дазволілі акунуцца ў атмасферу нашай прыгожай, мілагучнай, пявучай, роднай беларускай мовы. І ў канцы ўсе ўдзельнікі выбралі і пазначылі сэрцайкам самае мілагучнае беларускае слова.

А яшчэ для навучэнцаў магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Глебава быў арганізаваны міні-відэазал «Глядзім беларускае: Паўлінка». На гэтым мерапрыемстве дзеці глядзелі ўрывак з п’есы Янкі Купалы «Паўлінка», а потым адказвалі на пытанні віктарыны па гэтай п’есе. Узналі цікавыя факты з гісторыі стварэння гэтага твора, і ў завяршэнні ўдзельнічалі ў інтэрактыўным перапынку «Мова родная, мова модная».

Views: 82