Сябры!
21 лютага, у дзень адзначэння Міжнароднага дня роднай мовы, у дзіцячай бібліятэцы-філіяле № 10 адбылася цёплая творчая сустрэча вучняў 4 «Б» класа ДУА «СШ № 19» з Жаннай Віктараўнай Міус (Усцінавай) – неардынарным і вельмі ўтульным дзіцячым пісьменнікам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы і проста прыгожай, абаяльнай жанчынай.
Пісьменніца прэзентавала сваю новую кнігу “Панч і Чоха”, дэкламавала на рускай і крынічна-беларускай мове аўтарскія вершы і расказы, залучала зацікаўленых дзяцей у забаўныя гульні, частавала іх смачнымі канфетамі, дарыла кніжкі, аўтографы і нязменны вясёлкавы настрой. Дарослая, здаецца, жанчына з дзіцячай душой і шыкоўным калье з каляровых сашчэпак зачаравала ўсіх. Развітвацца не хацелася нікому.
Да гэтай сустрэчы мы вырашылі зрабіць і пісьменніцы, якая абажае кветкі, і сабе, і нашым прыхільнікам прыемны падарунак. Думаецца, ён знайшоў, і яшчэ ні раз знойдзе водгук як у дзіцячых, так і ў дарослых сэрцах. Гэта лірычны аўдыёвізуальны твор на чароўны верш Жанны Міус “Спавіцеся водарам кветак…”.
Атрымлівайце асалоду ад прыгажосці, пявучасці, пяшчоты беларускага слова!
Views: 61