У рамках правядзення Дня роднай мовы ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К. Маркса арганізавана экспазіцыя з фондаў царкоўна-археалагічнага кабінета Духоўна-асветніцкага цэнтра імя свяціцеля Георгія (Каніскага) «Мова беларускага арнаменту, або Старадаўнія сімвалы шчасця».
Рушнік — гэта сімвал чысціні, цяпла роднай старонкі. У кожным рэгіёне Беларусі рушнікі ткаліся і вышываліся асаблівага колеру і ўзору.
«Я няграматная, – казала М. Хведаровіч з Верхнядзвінска, – не ўмею ні чытаць, ні пісаць. Уся мая навука, мая граматнасць – ва ўзорах маіх посцілак ды ручнікоў. Там, як у добрай кніжцы, як у якім-небудзь кіно можна дазнацца пра жыццё і людзей, і жывёлы, пра сонейка і зоркі, пра хваробу і пра здароўе, пра дзявочую долю і нядолю, пра ўсё, што ёсць у жыцці».
Саматканыя посцілкі, рушнікі, абрусы і іншыя тканыя і вышываныя рэчы былі не проста ўжыткам хатняга абіходу. Узоры тканых і вышываных вырабаў — гэта зашыфраваны аповед пра жыццё народа, яго працу, шчасце і нястачы, мары і спадзяванні.
Пазнаёміцца з рэчамі, якія прадстаўлены на выставе, можна да 26 лютага.
А ў сакавіку працягнем знаёміцца з фондамі царкоўна-археалагічнага кабінета Духоўна-асветніцкага цэнтра імя свяціцеля Георгія (Каніскага) і запрашаем усіх жадаючых на выставу праваслаўнай літаратуры, якая адбудзецца 14 сакавіка.
Views: 92