31 сакавіка ў вокнах цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К. Маркса ў рамках крэатыў-праекта «Арт-вакно як аб’ект культурнай прасторы бібліятэкі» адкрылася выстава скульптуры магілёўскага скульптара Андрэя Алегавіча Вараб’ёва «Чалавек» з серыі яго аўтарскіх работ «Шлях».
На выставе прадстаўлена 12 аўтарскіх скульптур, у тым ліку і фатаграфіі яго скульптур, якія вы можаце пабачыць не толькі ў горадзе Магілёве, але і найпрыгажэйшых кутках Беларусі.
Да ведама:
Вараб’ёў Андрэй Алегавіч нарадзіўся 10 сакавіка 1969 года ў горадзе Магілёве. Скончыў аддзяленне скульптуры Мінскага мастацкага вучылішча імя А. К. Глебава, аддзяленне манументальнай скульптуры УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў».
Да 2005 г. выкладаў выяўленчае мастацтва ў УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова». У 2017 г. ў г. Магілёве па праспекце Міру 2А адкрылася прыватная мастацкая галерэя Андрэя Вараб’ёва.
Удзельнік мастацкіх выстаў. Член Беларускага саюза мастакоў. З 2013 г. старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў.
Працуе ў манументальнай і станковай скульптуры. У творчасці пераважаюць філасофскія разважанні на тэму чалавечага быцця, непаўторнасці, далікатнасці і прыгажосці чалавечага жыцця, тэма кахання.
Сярод твораў: “Аўтапартрэт з прыкметамі старэння» (1999), «Пясочны гадзіннік, або Кароль і каралева» (2009), «Удваіх» (2013), «Маска-крыж», “Бясконцасць у форме маіх галоў”.
Дзякуючы Андрэю Алегавічу ў г. Магілёве, ў раённых цэнтрах Магілёўскай вобласці, а таксама ў іншых краінах, з’явіліся ўсім вядомыя скульптуры «Магілёўскі замак» (2017 г.), скульптура знаходзіцца ў парку імя М. Горкага; «Лёва з Магілёва» (2014 г.) – каля абласнога галаўнога офіса кампаніі МТС па вул. Міронава; «Маленькі прынц» (2017 г.) – ў Камсамольскім скверы; «Магілёўскія львы на Пушкінскім мосце» (2016 г.); «Сустрэча» (2019 г.) – ля фантанаў у скверы 40-годдзя Перамогі; «Гімнастка» – ля «Палаца гімнастыкі» па вул. Крупскай; «Малітва» (2022 г.) – па дарозе ў Мінск (г. Магілёў); «Помнік шклоўскаму агурку» (2007 г.) (г. Шклоў, Магілёўская вобласць); «Кароль і Каралёва альбом Пясочны гадзіннік» (2020 г.) – у парку Дружбы кітайскага г. Нанкін; «На растанях» (2016 г.) (г. Быхаў, Магілёўская вобласць); «Падкова» (2013 г.) (г. Круглае, Магілёўская вобласць).
Творы знаходзяцца ў фондах «Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь», «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь», у прыватных калекцыях у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой.
Выстава будзе дэманстравацца да 16 красавіка!
Запрашаем усіх жадаючых!
Views: 50