21 лютага да Міжнароднага дня роднай мовы у бібліятэках горада прайшла лінгвамазаіка «Мая мова – мой свет, мая душа». У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К. Маркса прайшоў шэраг мерапрыемстваў.
У гэты дзень адбыўся лінгваквэст «МОВА», у якім прынялі ўдзел навучэнцы «Сярэдняй школы №1».
На станцыі «У госці да беларускіх страў», з дапамогай гульні «Беларуская кухня», госці даведаліся пра стравы беларускай кухні і паспрабавалі на хуткасць аблупіць бульбу «ў мундзіры».
А які беларус не любіць жартаў? На станцыі «Кошык весялосці» адгадвалі загадкі–жарты, перакладалі словы на беларускую мову, разгадвалі баларускія прыказкі, чыталі хуткамоўкі, а таксама прынялі ўдзел у інтэрактыўных гульнях «перакладчык» і «загадкі-жарты».
Потым навучэнцам прапанавалася адпачыць на «Моўным перапынку», дзе трэба было знайсці схаваныя на выставе прадметы і назваць іх на роднай мове.
На апошняй станцыі чытачоў чакаў майстар-клас «Чароўная лялька» дзе ўсе даведаліся пра гісторыю стварэння нашымі продкамі лялек-абярэгаў і іх магічныя ўласцівасці. Таксама была прадстаўлена магчымасць зрабіць сваімі рукамі ляльку-абярэг.
У інтэрактыўнай зоне «Да родных вытокаў» кожны наведвальнік бібліятэкі пазнаёміўся з рушнікамі, сукенкай і абрусам, якія прадстаўлены царкоўна-археалагічным кабінетам Духоўна-асветніцкага цэнтра імя свяціцеля Георгія (Каніскага), і прыняў ўдзел у тэст-гульне «Роднай мовы пералівы», паказаўшы добрыя здольнасці ў валоданні беларускай мовай.
У чытальнай зале бібліятэкі гучалі беларускія песні ў выкананні мужчынскай вакальнай групы хору народнай песні Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу пад кіраўніцтвам Мікалая Варапая.
Для маленькіх і дарослых чытачоў у дзіцячай зале вольнага часу і творчасці адбыўся прагляд беларускіх мультфільмаў «Казкі побач з намі».
На працягу дня ў бібліятэцы працавалі кніжныя выставы «Пяшчотная, родная, матчына», «Адкрый для сябе беларускую кнігу». Кожны меў магчымасць пазнаёміцца з новымі творамі беларускіх пісьменнікаў.
Вось так займальна прайшла лінгвамазаіка ў цэнтральнай бібліятэцы!
Любіце і шануйце нашу родную мову!
Views: 135