25 верасня ў рамках Адзінага дня бяспекі адбылася цудоўная сустрэча для вучняў 3 «Б» класа ДУА «Сярэдняя школа №5», дзе да іх завітала магілёўская дзіцячая пісьменніца Галіна Пярун, член Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. У пачатку сустрэчы яна распавяла пра сябе, сваю творчасць, пазнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак з кнігамі, якія напісала для дзяцей, і прадставіла некаторых герояў, зробленых уласнаручна. Гэта выклікала ў дзяцей вялікае захапленне і цікавасць.
Асноўнай тэмай сустрэчы стала кніга «Прыгоды сяброў і добрыя парады ад Усімдапамагайкіна». Вучні пазнаёміліся з галоўным героем – Усімдапамагайкіным, які жыве ў кнізе і заўсёды гатовы падказаць, як паводзіць сябе ў складанай сітуацыі.
Дзеці даведаліся: што рабіць, калі сустрэліся з грозным сабакам, як быць асцярожнымі пры карыстанні электрапрыборамі, як дзейнічаць пры пажары ці траўме i iнш.
Вучні ахвотна дзяліліся сваімі асабістымі гісторыямі паводзін у няпростых сітуацыях. Гэта дапамагло яшчэ лепш зразумець парады Усімдапамагайкіна і ўбачыць, што правілы бяспекі патрэбныя ў паўсядзённым жыцці.
Дзеці паспрабавалі сябе ў ролі медыцынскіх работнікаў і навучыліся аказваць адзін аднаму простую першую дапамогу. Напрыканцы сустрэчы ўсіх чакалі салодкія пачастункі і шмат пазітыўных уражанняў.
Такія мерапрыемствы не толькі вучаць дзяцей правілам бяспекі, але і дапамагаюць ім стаць больш самастойнымі і ўпэўненымі ў сабе.
Views: 7