Гунбін, М. Берагчы помнікі / М. Гунбін // Магілёўская праўда. — 1987. — 17 лютага.
Працоўныя Магілёўшчыны беражліва захоўваюць памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё за Радзіму. Іх памяць і подзвігі ўвекавечаны ў бронзе, мармуры, граніце. У вобласці ўстаноўлена амаль тысяча дзвесце помнікаў савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам.
Толькі за мінулую пяцігодку пабудавана 66 новых помнікаў.
Падведзены вынікі леташняга агляду-конкурсу пярвічных арганізацый таварыства на лепшую работу па ахове помнікаў гісторыі і культуры і выкарыстанню іх у ідэйна-патрыятычным і маральным выхаванні працоўных. У аглядзе-конкурсе прынялі ўдзел усе раённыя аддзяленні і звыш 350 пярвічных арганізацый таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Капітальна адрамантавана 13 помнікаў, 11 заменена, 731 добраўларадкаваны. Праведзены сотні тэматычных вечароў, сустрэч з ветэранамі вайны і працы, трыццаць пяць фотавыставак і іншыя мерапрыемствы. Найбольш актыўна гэта работа вялася ў Цэнтральным і Кастрычніцкім г. Магілёва, Ленінскім г. Бабруйска, Чавускім, Горацкім, Асіповіцкім і іншых раёнах. Дзесяці пярвічным арганізацыям прысуджаны дыпломы пераможцаў і грашовыя прэміі.
Сярод пераможцаў пярвічныя арганізацыі Магілёўскай эксперыментальнай абутковай фабрыкі імя 60-годдзя СССР, чавускіх сярэдніх школ № 1 і № 2, саўгаса «Пратасевічы» Асіповіцкага раёна, сярэдняй школы № 12 Ленінскага раёна Бабруйска, Магілёўскага культасветвучылішча імя Н. К. Крупскай, калгаса «Радзіма» Слаўгарадскага раёна, племсаўгаса «Ціманава» Клімавіцкага раёна, Магілёўскага аўтазавода імя С. М. Кірава, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
Разам з тым выяўлена нямала фактаў няўважлівых адносін некаторых арганізацый да ўтрымання і добраўпарадкавання замацаваных за імі помнікаў гісторыі і культуры.
Напрыклад, помнік, устаноўлены на тэрыторыі калгаса імя Кірава Бялыніцкага раёна воінам Савецкай Арміі і партызанам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіцца ў аварыйным стане. Разбураецца помнік воінам на тэрыторыі калгаса імя Суворава Крычаўскага раёна. Належаць замене чатыры помнікі гісторыі, што ў Баркалабаўскім сельскім Савеце Быхаўскага раёна.
Падобныя факты ёсць і ў іншых раёнах. Гэта недапушчальна. Беражлівыя адносіны да памяці — свяшчэнны абавязак жывых. I вельмі важна, каб мы аб гэтым не забывалі.
М. ГУНБІН,
кансультант абласнога савета таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.