Выбары — даступныя па законе

Юшкевіч, Н. Выбары — даступныя па законе : Прэзідэнт правёў рабочую сустрэчу са старшынёй Цэнтрвыбаркама / Н. Юшкевіч // Звязда. — 2017. — 15 лістапада. — С. 2.

Прэзідэнт правёў рабочую сустрэчу са старшынёй Цэнтрвыбаркама

Тэма — выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання, якія пройдуць ужо праз тры месяцы, у сярэдзіне лютага. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы падчас размовы з Лідзіяй Ярмошынай, старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, галоўнае ў будучай выбарчай кампаніі — зэканоміць сродкі, але ні ў якім разе не пакрыўдзіць людзей, якія будуць працаваць на гэту кампанію.

— Галоўнае для мяне — вызначыцца з датай, фінансаваннем і праектам указа, які павінен быць падпісаны, — адзначыў кіраўнік краіны. — Па Канстытуцыі рашэнне аб выбарах у мясцовыя Саветы прымае Прэзідэнт. Мы, відаць, з вамі, з Цэнтральнай камісіяй, тут сыходзімся — прыкідвалі па тэрмінах: думаю, што сярэдзіна лютага, можа нават і 18-га, як мы гэта абмяркоўвалі, — будзе, відаць, нармальна.

Нагадаем, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў павінны прайсці не пазней чым за 30 дзён да заканчэння паўнамоцтваў цяперашніх Саветаў.

— Нармальны час: усё-такі люты — найбольш спакойны месяц, — лічыць Прэзідэнт. — Не ўборка, не пасяўная і аўралаў ніякіх. Год скончаны — пачынаецца новы. І фінансавы, і эканамічны. Таму якраз дарэчы гэтыя выбары.

І вынікі будуць відаць, будзе што казаць кандыдатам у дэпутаты.

Што да фінансавання, то тут важна, як адзначыў Прэзідэнт, правесці вельмі «танныя» выбары — у фінансавых адносінах:

— Думаю, мы яшчэ сустрэнемся з вамі і з губернатарамі. Адміністрацыі Прэзідэнта я даручыў, каб яна была з вамі побач, каб можна было на месцы здзейсніць арганізацыйныя меры: падрыхтаваць участкі і гэтак далей. Усё-такі гэта палітычная кампанія, і Адміністрацыя павінна зрабіць сваю работу. Ну а Цэнтрвыбаркам павінен арганізаваць выбары па законе: бюлетэні, семінары, навучанне на месцы кіраўнікоў участковых камісій.

Зэканоміць можна на ўчастках для правядзення галасавання — месцы, дзе гэта будзе адбывацца, павінны прывесці ў парадак арганізацыі, якім належаць памяшканні.

— Мы пастараемся гэта зрабіць за кошт таго, што ў нас у прынцыпе ўсё гатова з тых выбараў, каб ні урны не выкідалі, ні кабінкі, усё гэта ёсць на месцы, — сказаў Прэзідэнт. — Ну а галоўнае — гэта зарплата тых людзей, якія будуць задзейнічаны на гэтых выбарах. Шчыра вам кажу: хоць грошы ёсць — яны ў праекце бюджэту закладзены, лепш зэканоміць, але не за кошт тых людзей, якія будуць працаваць.

Асобная просьба Аляксандра Лукашэнкі да старшыні ЦВК датычылася таго, каб зразумела растлумачыць людзям сутнасць будучай кампаніі:

— Важна, каб вы ўсе нюансы абазначылі загадзя, каб не было гадання на ка-фейнай гушчы і розных інсінуацый. Каб мы ад улады сказалі выразна і пэўна: вось выбары, вось прынцыпы. Хаваць нічога не будзем. Хто гатовы на выбары ісці, няхай ідзе — па законе. Улада створыць усе ўмовы для таго, каб выбары былі даступныя. А вас я папрашу пракантраляваць, каб гэта было сапраўды даступна. Усе ўзроўні ўлады будуць працаваць у тым кірунку, які абазначыць Цэнтрвыбаркам, як гэта было і заўсёды.

Надзея ЮШКЕВІЧ
yushkevich@zviazda.by