У Магілёве ўпершыню трансплантавалі нырку

Зігуля, Нэлі. У Магілёве ўпершыню трансплантавалі нырку : / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2018. — 9 студзеня. — С. 3.

Аперацыя была праведзена на базе Магілёўскай абласной бальніцы 6 студзеня. На раніцу ўчарашняга дня 58-гадовы пацыент са Шклова, якому была перасаджана нырка, знаходзіўся ў адпаведным пасляаперацыйнаму перыяду стане. Як паведаміў загадчык аддзялення гемадыялізу і нефралогіі Яўген ЖАГОЛКІН, мужчына ўжо пераведзены з рэанімацыі.

Падрыхтоўка да правядзення аперацый такога ўзроўню вялася на працягу ўсяго мі-нулага года. Магілёўскія хірургі, анестэзіёлагі, аперацыйная медсястра неаднаразова праходзілі вучобу ў рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры трансплантацыі органаў і тканак. Праявіць сваё майстэрства падчас першай у Магілёве аперацыі па перасадцы ныркі змаглі хірургі абласной бальніцы Сяргей Петрашэўскі, Яўген Котаў, Дзяніс Сіткевіч. Іх дзеянні каардынаваў хірург РНПЦ Леанід Ткачоў.

— Плануецца, што на першым этапе ў Магілёве будзе ажыццяўляцца да 30 такіх аперацый у год, — адзначыў Яўген Жаголкін. — Усё неабходнае для гэтага ў нас ёсць. Закуплена спецыяльнае біяхімічнае абсталяванне, апарат УГД, неабходны хірургічны інструмент. А нашы ўрачы ўжо неаднаразова дэманстравалі высокія вынікі ў сваёй рабоце.

Нэлі ЗІГУЛЯ.