З днём Нараджэння, «Магілёўка»!

Зігуля, Нэлі. З днём Нараджэння, «Магілёўка»! : 100-гадовы юбілей адзначае газета «Магілёўская праўда» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2018. — 30 студзеня. — С. 6.

Менавіта так ласкава называлі і называюць абласную газету «Магілёўская праўда» паміж сабой яе супрацоўнікі, якія, як вядома, былымі не бываюць. Газета заўсёды лічылася выданнем найвышэйшай пробы, трапіць у шэрагі яе супрацоўнікаў было вялікім гонарам, бо ўзровень журналістаў, якія тут працуюць, заўсёды быў вельмі высокі. Газета неаднаразова адзначалася як найлепшае дзяржаўнае выданне Магілёўскай вобласці, у яе актыве — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Віншаванні, узнагароды, выступленні артыстаў Магілёўшчыны — святочныя ўрачыстасці, прысвечаныя юбілейнай даце, прайшлі ў сценах абласнога лялечнага тэатра. Прадстаўнікі ўлады горада і вобласці, депутаты, калегі, сябры прыйшлі павіншаваць тых, дзякуючы каму газета і сёння радуе сваіх чытачоў. Цяпер «Магілёўка» — 12-палосны штотыднёвік, як заўсёды насычаны самай цікавай і актуальнай інфармацыяй пра жыццё вобласці і краіны. Плюс штотыднёвае інфармацыйна-рэкламнае выданне «Днепровская неделя», створанае няўрымслівым творчым актывам гэтай газеты. У наступным годзе «Дняпроўка» адзначыць свой 35-гадовы юбілей.

— У калектыве «Магілёўскай праўды» заўсёды працавалі і працуюць неспакойныя і неабыякавыя, захопленыя сваёй справай людзі, сапраўдныя прафесіяналы. Бо грамадская значнасць выдання — тэта след-ства сур’ёзнай, сапраўды творчай работы, — адзначыў у сваім віншаванні старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір ДАМАНЕЎСКІ.

Віншавальныя словы на адрас калектыву газеты накіраваў міністр інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ: «Мяняліся назвы газеты — «Саха і молат», «Магілёўскі селянін», «Камунар Магілёўшчыны», «За Радзіму», але нязменнымі заставаліся яе творчы дух і цвёрдыя прынцыпы, якімі пранікаліся ўсе пакаленні супрацоўнікаў рэдакцыі. Тут у розны час працавалі такія вядомыя майстры слова, як лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР паэт Аляксей Пысін, яго калега па цэху Васіль Матэвушаў, пісьменнік-сатырык Іван Аношкін. Вялікім аўтарытэтам карысталіся таксама шматгадовыя рэдактары выдання Васіль Цітавец, Мікалай Тоўсцік і Аляксандр Тарпачоў. Прыемна, што сённяшні калектыў «Магілёўскай праўды» імкнецца захаваць багатыя традыцыі газеты, зрабіць яе яшчэ больш сучаснай, цікавай і карыснай грамадству…»

Нэлі ЗІГУЛЯ