Рэальныя словы ў рэальныя справы

Лукашэвіч, У. Рэальныя словы ў рэальныя справы : [вынікі V  форуму рэгіёнаў Беларусі и Расіі ў Магілёве] / У. Лукашэвіч // Звязда. — 2018. — 13 кастрычніка. — С. 1, 2.

Прэзідэнт заклікае да ліквідацыі бар’ераў у гандлі паміж Беларуссю і Расіяй

Пленарнаму пасяджэнню V Форуму рэгіёнаў папярэднічала асабістая сустрэча кіраўнікоў дзяржаў, на якой бакі абмеркавалі найбольш актуальныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Як паведамілі ў БелТА, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтая сустрэча — не апошняя для прэзідэнтаў сёлета: у рамках міжнародных самітаў кіраўнікі дзяржаў сустрэнуцца ў Астане і Маскве. Паводле яго слоў, у Беларусі заўсёды рады бачыць Уладзіміра Пуціна. У сваю чаргу Уладзімір Пуцін адзначыў, што мерапрыемствы і вынікі сустрэч на форуме будуць вельмі карысныя. Паводле яго слоў, рэалізацыя дамоўленасцяў на найвышэйшым узроўні можа быць паспяховай толькі тады, калі дапаўняецца эфектыўнай працай на рэгіянальным узроўні.

Знайсці і прапрацаваць

У пачатку свайго выступления на пленарным пасяджэнні Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мерапрыемства стала добрай традыцыяй для прэзідэнтаў дзвюх краін, кіраўнікоў рэгіёнаў, прадстаўнікоў бізнес-супольнасці і экспертаў, пляцоўкай для абмеркавання ключавых пытанняў між-дзяржаўных адносін.

Паводле яго слоў, бакі ўважпіва вывучылі, як на мясцовым узроўні рэалізуюцца агульныя планы ў сацыяльнай палітыцы, аграрнай і прамысловай сферах. Акрамя таго, азнаёміліся з перспектыўнымі напрамкамі развіцця высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнай супольнасці.

«Сёння нам неабходна прааналізаваць і вызначыць тыя сферы, у якіх міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне магло б аказаць дадатковы станоўчы ўплыў на інтэграцыйныя працэсы ў рамках нашага саюза», — падкрэсліў беларускі лідар.

Дапамога сябра

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў цяперашні час больш за восем тысяч прадпрыемстваў дзвюх дзяржаў звязаны вытворчай кааперацыяй, а ў Беларусі каля трох тысяч арганізацый з расійскім статутным капіталам.

У той жа час у Расіі зарэгістравана каля пяцідзесяці сумесных зборачных вытворчасцяў, створана каля ста шасцідзесяці суб’ектаў таваравытворчай сеткі з беларускім капіталам — і гэта пэўнае дасягненне, паколькі з’явіліся сотні тысяч рабочых месцаў.

«Менавіта ў рэгіёнах нашых краін пачынаецца мноства вытворчых, тэхналагічных ланцужкоў па выпуску сумеснай прадукцыі, — канстатаваў Прэзідэнт. — Практычна ў кожным беларускім вырабе — ці гэта будзе трактар, ці велікагрузны аўтамабіль або легкавы, ці бытавы прыбор — ёсць расійскі кампанент».

Ён таксама дадаў, што аб узаемнай зацікаўленасці ў развіцці міжрэгіянальных сувязяў сведчыць высокая інтэнсіўнасць абмену візітамі дэлегацый рознага ўзроўню. Бакамі падпісана каля васьмідзесяці дагавораў аб супрацоўніцтве з трыццаццю шасцю суб’ектамі Расіі.

Аб партнёрах і перспектывах

Аляксандр Лукашэнка адзначыў асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі ў Расіі — гэта Масква, Санкт-Пецярбург, Татарстан, Башкартастан, Пермскі край, а таксама Бранская, Калужская, Маскоўская, Смаленская і Цюменская вобласці. Аб’ём гандлю з дадзенымі рэгіёнамі складае больш за 70 % беларуска-расійскага тавараабароту.

«Гэта высокі вынік, але важна наладзіць такі ж тэмп супрацоўніцтва і з іншымі суб’ектамі Расійскай Федэрацыі. Лічу, што ў нас ёсць усе неабходныя інструменты», — сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў цяперашні час амаль з 60 рэгіёнамі Расіі створаны сумесныя рабочыя групы і саветы па дзелавым супрацоўніцтве. Таксама ў расійскіх партнёраў ёсць магчымасць адпрацоўваць у Беларусі ўсё актуальныя пытанні непасрэдна са службовымі асобамі ў беларускім урадзе і мясцовых органах улады.

Не ўстанаўліваць бар’еры, а пашыраць працу

Акрамя таго, па-ранейшаму актуальнай застаецца тэма правядзення ўзгодненай палітыкі ў прамысловай сферы і паглыблення кааперацыі.

«Найважнейшым прыярытэтам міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння з’яўляецца рэалізацыя вытворча-кааперацыйных праектаў у машынабудаванні, дрэваапрацоўцы, харчовай, лёгкай прамысловасці, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Варта забяспечыць неабходную загрузку прадпрыемстваў, якія ўжо дзейнічаюць, шляхам стварэння сумесных праграм па імпартазамяшчэнні. Тады нашы вытворчасці змогуць развівацца ў інтарэсах дзвюх краін».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на сустрэчы ў Сочы гэтае пытанне дэталёва абмяркоўвалася. «Я спадзяюся, неўзабаве прымем рашэнні, якія здымуць усе перашкоды ў развіцці сумесных вытворчасцяў», — заявіў ён.

На думку беларускага лідара, прывабнасць любога інтэграцыйнага аб’яднання вызначаецца ўмовамі эканамічнага супрацоўніцтва яго суб’ектаў. Гаворка ідзе пра стварэнне ўмоў для камфортнага вядзення гандлю, а таксама магчымасці сумесна рэалізаваць прыбытковыя праекты ў розных сферах.

«Нашымі галоўнымі задачамі працягваюць заставацца ліквідацыя ўсялякіх абмежаванняў ва ўзаемным гандлі і забеспячэнне роўных умоў дзейнасці гаспадарчых аб’ектаў», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы шчыра адзначыў, што яму хацелася б, каб гэтымі праблемамі, якія павінны вырашацца на ўзроўні ведамстваў і міністэрстваў, менш займаліся прэзідэнты Беларусі і Расіі.

Аб сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і тэхніцы

Па словах кіраўніка дзяржавы, найбольш адчувальнае пытанне — гэта супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе.

У многіх рэгіёнах Расіі беларусаў ведаюць як добрасумленных і надзейных партнёраў, а беларускія прадукты цэняць і любяць. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нярэдка сумесная работа па павышэнні якасці экспартаванага харчавання падмяняецца абмежавальнымі мерамі.

Паводле яго слоў, напярэдадні форуму нарэшце дамовіліся, як будуць вырашаць гэтыя праблемы, прытым дамовіліся адназначна, гэта было падтрымана ўрадамі.

Перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва ён назваў узаемадзеянне ў будаўнічай сферы. Беларускія спецыялісты могуць якасна ўзвесці любыя аб’екты сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры, у шэрагу гарадоў Цэнтральнай федэральнай акругі такія праекты рэалізаваны, ёсць пазітыўны вопыт і на Сахаліне.

Прэзідэнт падкрэсліў: Беларусь гатова ўдзельнічаць у стварэнні ў Расіі такіх праектаў, як кластары, індустрыяльныя паркі, тэрыторыі апераджальнага развіцця.

На яго думку, бакі павінны эфектыўна задзейнічаць велізарны навуковы, прамысловы і кадравы патэнцыял дзвюх краін для стварэння сумеснай прадукцыі.

Яшчэ Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў нас ёсць станоўчыя прыклады ў станкабудаванні, распрацоўцы рухавіка для кар’ерных самазвалаў, пастаўцы кампанентаў для прадпрыемстваў аўтапрама.

Дарэчы, у Беларусі ўжо вырабляюцца розныя маркі тэхнічнага вугляроду на заводзе «Омск Карбон Магілёў», а групай кампаній «Садружнасць» створаны вытворча-лагістычны комплекс і алейнаэкстракцыйны завод па выпуску прадукцыі з соі і рапсу ў Смаргоні.

«Усе гэтыя праекты рэалізаваны і працуюць пры непасрэднай падтрымцы беларускіх і расійскіх губернатараў. Шмат у чым менавіта дзякуючы іх мэтанакіраванасці ўвасабляюцца ў жыццё пазітыўныя пачынанні, якія збліжаюць нашы дзяржавы, напаўняюць канкрэтным сэнсам беларуска-расійскія адносіны», — дадаў беларускі лідар.

Расія — у прыярытэце

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: развіццё супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі з’яўляецца адным з найважнейшых знешнеэканамічных прыярытэтаў Беларусі.

«Перакананы, што і цяперашні форум дазволіць нам у ходзе адкрытай дыскусіі абмеркаваць шляхі павышэння эфектыўнасці міждзяржаўнага супрацоўніцтва. Мы зможам намеціць магчымыя прарыўныя напрамкі, вызначыць канкрэтныя задачы і на перспектыву, — сказаў Прэзідэнт. — Аднак не толькі эканоміка ляжыць у аснове нашых узаемаадносін. Наступныя два гады з’яўляюцца знакавымі для брацкіх народаў. Мы разам будзем адзначаць 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад фашыстаў і 75 гадоў Вялікай Перамогі — нашай сумеснай Перамогі».

Па словах кіраўніка дзяржавы, і для беларусаў, і для расіян святое ўсё, што звязана з Вялікай Айчыннай вайной. «На прыкладзе подзвігу савецкіх салдат, якія абаранялі тады нашу агульную Радзіму, мы павінны выхоўваць новае пакапенне грамадзян Беларусі і Расіі сапраўднымі патрыётамі», — дадаў ён.

Шосты форум — моладзі

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу, што для нас важна стварыць усе ўмовы, каб маладыя людзі атрымалі якасную адукацыю і магчымасць сумленна працаваць. Чаму? Таму што яны, мэтанакіраваныя і таленавітыя, патрэбныя ўсюды: на вытворчасці, у палітыцы, бізнесе, навуцы, адукацыі, дзяржаўным кіраванні.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў наступны форум прысвяціць разгляду пытанняў, звязаных з маладзёжнай тэматыкай. На яго думку, трэба зрабіць усё, каб моладзь Беларусі і Расіі ў першую чаргу глядзела адно на аднаго, вучыліся ў першую чаргу ў гэтых краінах.

Варта абмеркаваць розныя аспекты адукацыі, культуры, творчага развіцця, патрыятычнага выхавання і фарміравання здаровага ладу жыцця маладых людзей.

У канцы свайго выступления Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нашаму маладому пакаленню неабходна прывіваць жаданне жыць і працаваць на роднай зямлі, бо менавіта ад моладзі залежыць будучыня Беларусі і Расіі.

Слова расійскаму лідару

У сваім выступленні Уладзімір Пуцін адзначыў, што на расійскі рынак пастаўляецца палова ўсёй беларускай экспартнай прадукцыі. У мінулым годзе тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць і дасягнуў 32,4 мільярда долараў. У студзені — жніўні бягучага года дадаў яшчэ 14,5 %. Ён выказаў меркаванне, што бакам па сілах вывесці ўзаемны гандаль на ўзровень у 50 мільярдаў долараў,

Акрамя таго, Прэзідэнт Расіі адзначыў, што бакі ўдзяляюць вялікую ўвагу ўмацаванню інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Аб’ём расійскіх капіталаўкладанняў у Беларусь перавысіў 4 мільярды долараў, беларускія інвестыцыі — 716,8 мільёна долараў.

Найбуйнейшым расійска-беларускім праектам Уладзімір Пуцін лічыць будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Ён запэўніў, што першы энергаблок будзе запушчаны ў адпаведнасці з графікам — у канцы 2019 года, а ўся станцыя будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў 2020-м.

Прадугледжана ўзвядзенне ў Беларусі і іншага важнага аб’екта — цэнтра ядзернай навукі і тэхналогій. Такім чынам, ствараецца не толькі адзін прамысловы аб’ект, але і галіна ў цэлым, дадаў Прэзідэнт Расіі.

Акрамя таго, у рамках Саюзнай дзяржавы ажыццяўляецца рэалізацыя некалькіх дзясяткаў галіновых праграм, асаблівы ўпор зроблены на стварэнне перадавой навукаёмістай прадукцыі, стымуляванне бізнесу абедзвюх краін, на ўкараненне інавацый у рэальны сектар эканомікі.

Па лініі ЕАЭС фарміруецца адзіны рынак тавараў, паслуг, рабочай сілы, капіталаў. «Вядома, у нас шмат спрэчак па гэтых пытаннях, шмат інтарэсаў, якія перасякаюцца, часам і не супадаюць. Але мы цвёрда маем намер ісці па гэтым шляху, рухаемся наперад, нягледзячы на ўсе спрэчкі, да агульнай мэты», — падкрэсліў ён.

Па словах Пуціна, сёння перад Расіяй і Беларуссю стаяць шмат у чым падобныя праблемы і выклікі: забеспячэнне доўгатэрміновага ўстойлівага росту, павышэнне канкурэнтаздольнасці на знешніх рынках. Сярод прыярытэтных галін, дзе бакі разлічваюць на максімальны эканамічны эфект, — імпартазамяшчэнне, прамысловая кааперацыя, сельская гаспадарка, будаўніцтва, фармацэўтыка і дзяржаўныя закупкі.

Ён таксама заклікаў звярнуць увагу на навуку і адукацыю, інавацыйныя праекты, звязаныя з лічбавай эканомікай.

Яшчэ Прэзідэнт Расіі выказаўся з нагоды маладзёжнай палітыкі: трэба падтрымліваць грамадзянскую актыўнасць маладога пакалення, уцягнутасць у сацыяльныя і гуманітарныя праграмы.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ