Інтэграцыя пачынаецца з моладзі

Зігуля, Н. Інтэграцыя пачынаецца з моладзі : у Магілёве віталі ўдзельнікаў VI Маладзёжнага форуму Беларусі і Расіі «Моладзь — за Саюзную дзяржаву» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2018. — 12 кастрычніка. — С. 9—10. — Мясцовае самакіраванне. 

Маладзёжны форум стаў часткай афіцыйнай праграмы V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Ён аб’яднаў прадстаўнікоў маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў дзвюх краін, маладзёжных парламентаў, саюзаў маладых адвакатаў і прадпрымальнікаў з усёй Беларусі і 10 рэгіёнаў Расіі.

Адной са значных яго падзей стала фарсайт-сесія, на якой хлопцы і дзяўчаты маглі задаць пытанні міністру адукацыі Беларусі Ігару Карпенку, старшыні Нацыянальнага Cавета маладзёжных і дзіцячых аб’яднанняў Расіі Рыгору Петушкову, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктару Сірэнку. Удзельнікі дыялогу цікавіліся, што робіцца для таго, каб моладзь абедзвюх краін аднолькава магла рэалізаваць свой патэнцыял.

— Ад таго, якія веды мы закладзём, які створым светапогляд, будуць развівацца інтэграцыйныя ўзаемаадносіны, — падкрэсліў Ігар Карпенка важнасць кантактаў моладзі дзвюх краін. — Сёння наогул вельмі актуальная тэма, як весці дыялог на сусветным узроўні. Дыялог заўсёды важны. Калі мы навучым моладзь вырашаць усе галоўныя пытанні метадам перамоў, свет стане больш спакойны і лепшы. І вось гэта пляцоўка ў межах Форуму рэгіёнаў — добры прыклад усяму свету, як вырашаць мясцовыя пытанні, як трэба сябраваць, выбудоўваць сумесныя праекты, адносіны на перспектыву.

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Удзельнікі маладзёжнага форуму прынялі ўдзел у рабоце секцый «Маладзёжны парламентарызм — форма грамадзянскай супольнасці», якая працавала на базе магілёўскага прадпрыемства «Бабуліна крынка», і «Удзел моладзі ў развіцці сучаснай інфраструктуры і стварэнне грамадскіх прастораў», якая адбылася на базе СВК «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна.

Перамовы былі замацаваны пагадненнямі аб супрацоўніцтве Мінскай абласной арганізацыі БРСМ і Бранскай рэгіянальнай арганізацыі Расійскага Саюза Моладзі, а таксама маладзёжнымі арганізацыямі Гродзенскай і Віцебскай абласцей з моладдзю Пскоўскай вобласці.

Арганізатарамі маладзёжнага форуму ў Магілёве выступілі грамадскае аб’яднанне БРСМ і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Нэлі ЗІГУЛЯ