Зігуля, Н. У Магілёве паказалі чэрвень 44-га / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2019. — 29 чэрвеня. — С. 8—9.
Учора Магілёў адзначыў Дзень горада і 75-годдзе свайго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Урачыстасці пачаліся з ускладання кветак і вянкоў да месцаў воі нскіх пахаванняў, помнікаў і абеліскаў. У гэты ж дзень прайшлі шматлікія канцэртна-гульнявыя праграмы ў розных кутках абласнога цэнтра. А вечарам, калі сцямнела, на вялікай адкрытай пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра «Е-сіці» на скрыжаванні праспекта Шміта і вуліцы Гагарына разгарнулася небывалае па памерах тэатралізаванае прадстаўленне з элементамі паказу гістарычных падзей «Салдатамі былі ўсе…». Такога маштабнага відовішча Магілёў яшчэ не бачыў. Танкі, самалёты, акопы — усё гэта было сапраўднае і натуральнае. У якасці кансультантаў выступалі адразу некалькі міністэрстваў — абароны, унутраных спраў і культуры. Якасную перадачу таго, што адбывалася на полі бітвы, забяспечвала кінастудыя «Беларусьфільм». Трансляцыя падзей вялася адначасова на шасці экранах.
У рэканструкцыі былі задзейнічаны ваенна-гістарычныя клубы, у тым ліку гісторыка-патрыятычнага пошукавага аб’яднання «Віккру», піратэхнічныя службы, авіяцыйны клуб, творчыя калектывы Магілёва. Гледачам дэманстравалі элементы паветранага бою, танкавай бітвы і баявых дзеянняў з выкарыстаннем піратэхнічных сродкаў. З гэтай мэтай было задзейнічана каля 30 адзінак авіяцыйнай і пяхотнай баявой тэхнікі. У тэатралізаваным шоу прыняло ўдзел больш за чатыры тысячы чалавек.
Трэба сказаць, што падрыхтоўка да прэм’еры была вельмі сур’ёзная і доўгая. Калі на полі за гандлёвым цэнтрам з’явілася дарожная тэхніка і сталі нешта рыць, жыхары бліжэйшых дамоў спачатку вырашылі, што распачынаецца будоўля. Але хутка ўбачылі, што ўсё абмежавалася стварэннем акопаў і траншэй. Так, новыя дамы з’явіліся, але выключна бутафорскія. Потым прывезлі танкі і гарматы. Пасля таго як пляцоўка была гатовая, пачаліся рэпетыцыі. Яны працягваліся некалькі месяцаў, і ўдзельнікі літаральна жылі на баявых пазіцыях.
Як паведаміла начальнік упраўлення культуры Магілёўскага гар-выканкама Ірына ЖАБАРАВА, пры правядзенні культурна-гістарычнага мерапрыемства былі выкарыстаны нестандартныя творчыя падыходы і формы.
Глядзельная зала ўяўляла сабой партэр пад адкрытым небам і працяглую паласу за гандлёвым цэнтрам. Асноўная частка мабільнага партэра была выдзелена для ўдзельнікаў адзінаццатага міжнароднага інвестыцыйнага форуму «Млын поспеху», які якраз у гэты дзень пачаў сваю работу ў Магілёве. Можна сказаць, што яшчэ каля 600 прадстаўнікоў дзелавых колаў з 20 краін свету далучыліся да святкавання Дня горада ў Магілёве.
Прадстаўленне скончылася святочным феерверкам «Квітней, Магілёў!» пад крыкі «Урррра!!!».
Сёння, 29 чэрвеня, гулянні працягваюцца. Самая старадаўняя вуліца Ленінская — або, як яе называлі ў розныя часы, Ветраная, Вялікая Садовая, Інжынерная — стала інтэрнацыянальнай.
Свае падворкі выставілі ўкраінская, азербайджанская, руская, яўрэйская, польская, грузінская, армянская дыяспары. Яны запрашалі да сябе выстаўкамі карцін, кніг, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А яшчэ дэманстравалі свае танцы і спевы, звычкі і традыцыі. Беларускі падворак прадставілі народная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Чараўніцы», грамадскае аб’яднанне магілёўскіх рамеснікаў «Шчырая майстэрня», Магілёўскія фабрыка мастацкіх вырабаў і дзіцячая школа мастацтваў.
Настрой на Ленінскай ствараюць мастакі-шаржысты, клоўны і «жывыя скульптуры» — іх удзел забяспечвае інтэрактыўная пляцоўка «Маладзёжны рэтра-бум». Сёння ў праграме таксама ўрачыстая цырымонія ўручэння штогадовай спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне», велакарнавал «Табе, любімы горад на Дняпры», лёгкаатлетычны прабег «Дарога да шчасця», тэатралізаванае шэсце «Усім сэрцам з табой, мой горад родны!», свята «Магілёў гасцінна запрашае!» з праграмай «Мой родны кут» і выставачна-кірмашовай экспазіцыяй «Магілёўшчына майстравая» і шмат чаго іншага не менш цікавага. Удзел у святочных мерапрыемствах у Магілёве прымае губернатарскі духа-вы аркестр Тульскай абласной філар-моніі імя І. Міхайлоўскага.
Нэлі ЗІГУЛЯ.