Прыводзяць да вяршынь

Сінькевіч, Г. Прыводзяць да вяршынь : [В. Бадэлька ўдастоена звання «Жаночага міжнароднага гросмайстра»] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 6 жніўня. — С. 4. 

Навучэнка Магілёўскай абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па шахматах і шашках Вольга Бадэлька заслужана ўдастоена звання “жаночы міжнародны гросмайстар па шахматах”. Сямнаццацігадовая спартсменка стала адной з чатырох беларусак, якія сёння носяць гэты ганаровы тытул.

Са значным дасягненнем юную шахматыстку павіншаваў старшыня аблвыканкама Л.К.Заяц. Кіраўнік рэгіёна ўручыў спартсменцы спецыяльнае пасведчанне і знак ад Міжнароднай шахматнай федэрацыі, а таксама падзячныя лісты яе бацькам і трэнеру-выкладчыку Л.Р.Саксонаву.

Акрамя апошняга значнага дасягнення, Вольга Бадэлька з’яўляецца майстрам спорту Беларусі, спартсменам-інструктарам нацыянальнай каманды па шахматах. Яна шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы ў сваім узросце. Займае дзясятую пазіцыю сярод наймацнейшых па рэйтынгу юніёрак свету да 20 гадоў і ўваходзіць у топ-100 наймацнейшых шахматыстак.

Адметна, што ў Магілёўскай абласной СДЮШАР па шахматах і шашках нямала выхаванцаў, дасягненнямі якіх можна ганарыцца. Акрамя ўжо згаданага вышэй юнага шахматнага генія Вольгі Бадэлька, значныя перамогі маюцца і ў іншых хлопцаў і дзяўчат. Так, навучэнцы школы Арсеній Котаў, Аляксей Краміч, Вольга Каласоўская, Ганна Старавойтава, Станіслаў Арцёмаў з’яўляюцца неаднаразовымі прызёрамі міжнародных і рэспубліканскіх чэмпіянатаў і турніраў па шахматах. На Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў апошнія гады прадстаўнікі Магілёўшчыны стабільна займаюць лідзіруючыя месцы.

Увогуле, сёння выхаванцамі абласной СДЮШАР па шахматах і шашках з’яўляюцца звыш 380 чалавек. І цікавасць сярод мола­дзі да гэтага віду спорту пастаянна ўзрастае.

— Наша школа сёння ажыццяўляе максімальна поўны ахоп і прыцягненне навучэнцаў да заняткаў шахматамі і шашкамі. Дзякуючы арганізацыі шахматнага ўсенавуча, на факультатыўных занятках гэтай гульні вучацца звыш 560 дзяцей у 19 раёнах вобласці. Чатыры добра ўкамплектаваныя вучэбна-трэніровачныя залы дазваляюць нашым трэнерам праз рэалізацыю індывідуальных планаў падрыхтоўкі забяспеч­ваць якасны рост спартыўнага майстэрства і ўзроўню інтэлектуальнага развіцця навучэнцаў, — расказаў намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці навучальнай установы В.Г.Аляксееў.

Выдатная матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе ўстанове рэгулярна праводзіць унутрыўстановачныя, гарадскія і абласныя турніры, што таксама спрыяе ўдасканаленню навыкаў навучэнцаў. Але галоўнае ў развіцці здольнасцей выхаванцаў школы — гэта работа трэнераў, якую яны ажыццяўляюць па самых перадавых методыках з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага вучня. Менавіта такі падыход дазваляе дзецям дасягаць значных спартыўных вышынь.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Вольгі ТКАЧОВАЙ.