Гадуюць патрыётаў

Сінькевіч, Г. Гадуюць патрыётаў : [яслі-сад № 45] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 5 лістапада. — С. 5. 

Далучэнне да нацыянальнай культуры неабходна пачынаць з маленства. У гэтым перакананы педагічны калектыў ясляў-сада № 45 Магілёва. Выхоўваць патрыятызм тут пачынаюць з самага ранняга ўзросту дзяцей. Малышам прывіваюць любоў да малой радзімы, роднай мовы, народнай культуры.

— Фарміраванне асноў грамадзянскасці неабходна пачынаць з дашкольнага ўзросту, бо менавіта ў гэтыя гады ў дзяцей закладваюцца першаасновы асобы, фарміруюцца базавыя каштоўнасці, выпрацоўваюцца нормы паводзін. Аднак пры гэтым варта ўлічваць шэраг псіхалагічных узроставых асаблівасцей, таму мы вырашылі далучаць дзяцей да нацыянальных традыцый праз адраджэнне беларускіх народных гульняў, — паведаміла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці А.У.Тарасенка.

Па яе словах, у бягучым годзе прыярытэтным напрамкам дзейнасці дашкольнай установы вызначана фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей праз іх далучэнне да нацыянальных каштоўнасцей і культурных традыцый беларускага народа. Зараз педагогі збіраюць матэрыял аб традыцыйных беларускіх гульнях і адаптуюць яго да сучасных рэалій. Найбольш актыўна ў рэалізацыю праекта ўключыліся кіраўнік фізічнага выхавання Н.І.Матвеенка, выхавальніца старшай групы А.М.Патапенка, выхавальніца другой малодшай групы Т.В.Лазутка, музычны кіраўнік С.Р.Ількавец.

Перыядычна ва ўстанове ладзяцца тэматычныя забавы. Музычную залу садка стылізуюць пад беларускую хату. Выхавальнікі падрабязна расказваюць дзецям пра народныя звычаі, традыцыі. Працягваюцца мерапрыемствы актыўным дзействам.

Пад гучанне вясёлай беларускай музыкі святочна апранутыя хлопчыкі і дзяўчынкі спява­юць народныя песні, танцуюць, праяўляюць свае фізічныя ўменні праз удзел у цікавых гульнях. Выхаванцы дэманструюць свае веды аб беларускіх традыцыях, і што вельмі важна — размаўляюць па-беларуску.

— Падчас гэтых мерапрыемстваў нашы малышы ўзбагачаюцца новымі ведамі аб нацыянальных каштоўнасцях і традыцыях свайго народа, маюць магчымасць прыняць непасрэдны ўдзел у беларускіх забавах. Такім чынам у дзяцей выхоўваецца любоў і павага да Радзімы, — адзначыла А.У.Тарасенка.

Такія тэматычныя забавы, прысвечаныя фальклорным святам, — грунтоўны падмурак у далучэнні падрастаючага пакалення да беларускасці. Выхаванцы ясляў-сада № 45 з павагай ставяцца да гісторыі свайго народа, умеюць размаўляць па-беларуску. Адным словам, малышы тут растуць сапраўднымі патрыётамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.