Сінькевіч, Г. Кадэцкі баль / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 24 снежня. — С. 17.
Адметнай рысай правядзення акцыі “Нашы дзеці” ў Магілёўскай вобласці ўжо не ўпершыню становіцца калядны кадэцкі баль.
Сёлета ўдзельнікамі святочнага мерапрыемства сталі выхаванцы абласнога кадэцкага вучылішча, навучэнцы абласнога ліцэя № 2 і прадстаўнікі студыі эстраднага танца “Эдэльвейс” Цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва.
Урачыстасць прайшла ў лепшых традыцыях баляў мінулых стагоддзяў. Прыбраных хлопцаў, дзяўчат і гасцей свята сустракаў камерны аркестр, меладычная музыка ў выкананні якога гучала падчас усяго мерапрыемства. Адкрыўся баль выкананнем паланэза, далей яго змянялі і павольны вальс, і вясёлая мазурка. Немагчыма апісаць усё хараство мерапрыемства. Юныя дамы ў цудоўных белых сукенках, кавалеры ў параднай вайсковай форме, паклоны і рэверансы, усмешкі на тварах і бляск у вачах моладзі. Усё гэта стварала непаўторнае адчуванне свята.
Не абышлося на балі без імправізаваных гульняў і забаў. Акрамя таго, гучалі песні ў выкананні кадэцкага вакальна-інструментальнага ансамбля, дэкламаваліся вершы падчас літаратурнай гасцёўні. У праграму балю ўвайшла таксама дэманстрацыя кадэтамі прыёмаў валодання зброяй.
Завяршыўся святочны вечар, як і належыць, уручэннем падарункаў. Патрэбныя рэчы і інвентар моладзі былі прэзентаваны ад Міністэрства спорту і турызму, мясцовай выканаўчай улады. Усе атрымалі таксама разнастайныя прысмакі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва аўтара.