Узровень павінен быць выключна сусветны

Зігуля, Н. Узровень павінен быць выключна сусветны : у Магілёве медыцынскія эксперты абмеркавалі планы развіцця гэтай галіны на наступную пяцігодку і заклалі сімвалічную капсулу ў падмурак новага кардыялагічнага цэнтра / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2020. — 24 студзеня. — С. 22. — Мясцовае самакіраванне.

У Магілёве медыцынскія эксперты абмеркавалі планы развіцця гэтай галіны на наступную пяцігодку і заклалі сімвалічную капсулу ў падмурак новага кардыялагічнага цэнтра.

СЁННЯ ў краіне будуюцца сучасныя паліклінікі і бальніцы, на ўзбраенні якіх знаходзіцца самае высокатэхналагічнае абсталяванне. Прэзідэнт звяртае ўвагу на тое, што ўсё сучаснае і перадавое павінна знаходзіцца не толькі ў сталіцы, але і максімальна блізка да сельскага жыхара. На гэтым тыдні ў Магілёве адбыўся вялікі медыцынскі савет, у якім узялі ўдзел губернатар вобласці Леанід Заяц, намеснік міністра аховы здароўя Вячаслаў Шыла, галоўны кардыёлаг краіны Аляксандр Мрочак. Нагодай для сустрэчы стала размова аб развіцці галіны аховы здароўя і эфектыўным выкарыстанні медыцынскіх рэсурсаў у Магілёўскай вобласці. Удзельнікі наведалі найбольш значныя медыцынскія аб’екты абласнога цэнтра.

Летась у Магілёве ўступіў у строй рэканструяваны радзільны дом. Гэта толькі адзін з карпусоў гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. У абноўленым раддоме сканцэнтравана вялікая колькасць сучаснай медыцынскай тэхнікі і створаны самыя камфортныя ўмовы для персаналу і парадзіх. Сёлета і налета запланаваны знос усіх старых медпабудоў бальніцы, якім болей чым па 100 гадоў, і будаўніцтва новага сучаснага корпуса. Ён будзе прызначаны для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з нетраўматычнымі пашкоджаннямі галаўнога мозга і цэрэбраваскулярнай паталогіяй.

За апошнія гады значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база Магілёўскага абласнога анкадыспансера. Сёння тут на ўліку знаходзіцца 35 тысяч жыхароў рэгіёна, прычым штогод выяўляецца больш за 5 тысяч новых захворванняў. План рэарганізацыі анкаслужбы ў Магілёўскай вобласці быў зацверджаны яшчэ ў 2004 годзе. З 2010 года на базе анкадыспансера пачаў працаваць радыелагічны корпус, што дало пацыентам магчымасць атрымліваць высокатэхналагічнае прамянёвае лячэнне. На працягу 10 гадоў з’явіліся палатны корпус на 120 ложкаў, хоспіс на 30 ложкаў, цэнтралізаваная цыталагічная лабараторыя. У 2017 годзе быў запушчаны новы аперацыйны блок, а ў 2019-м пачаў работу марфалагічны корпус з лабараторыяй для імунагісталагічных даследаванняў. Сёлета запланаваны ўвод лабараторыі радыенукліднай дыягностыкі, для якой Міністэрства аховы здароўя ўжо закупіла сучасную дэтэктарную гама-камеру. Гэтае абсталяванне дазволіць своечасова выяўляць наяўнасць метастаз і пашкоджаных лімфавузлоў пры новаўтварэннях. Дзякуючы набытаму два гады таму спецыяльнаму абсталяванню для відэаасіставанай хірургіі цяпер на базе анкадыспансера робяць эндаскапічныя і таракаскапічныя аперацыі.

Сёння ў мікрараёне Казіміраўка ўзводзіцца суперсучасная «разумная» паліклініка, якая будзе абслугоўваць 37 тысяч дарослага і дзіцячага насельніцтва. На яе базе размесцяцца падстанцыя хуткай медыцынскай дапамогі, жаночая кансультацыя, стаматалагічнае аддзяленне, рэнтгенаддзяленне з дзвюма рэнтгеналагічнымі ўстаноўкамі і мамографам, сучасная клініка-дыягнастычная лабараторыя і шматчаго іншага. Будзе функцыянаваць электронная база, а вынікі абследавання пацыента адразу ж трапяць на яго электронную амбулаторную карту. Абслугоўванне будзе весціся па праграме «Клапатлівая паліклініка», асноўнай задачай якой з’яўляецца камфортнае абслугоўванне пацыентаў. Сёння аб’ект зроблены прыблізна на 8 %, але, як запэўніў генеральны дырэктар ААТ «Будтрэст № 12» Дзмітрый МАРОЗАЎ, паліклініка будзе здадзеная ў эксплуатацыю ўжо сёлета. На яе ўзвядзенне з абласнога бюджэту выдзелена 47 мільёнаў рублёў.

Пасля наведвання медыцынскіх аб’ектаў Магілёва на базе абласной бальніцы адбыўся вялікі медыцынскі савет, дзе ўдзельнікі абмеркавалі план аптымізацыі ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскай вобласці, мадэрнізацыю сістэмы кардыялагічнай дапамогі, ступень аказання анкалагічнай дапамогі. Анкалагічныя захворванні і хваробы органаў кровазвароту апошнія гады ўпэўнена трымаюць у Магілёўскай вобласці першыя месцы сярод прычын смяротнасці. Прычым калі магілёўскі анкадыспансер за апошні час дастаткова добра перааснасціўся, то кардыяхірургі працуюць у дастаткова напружаных умовах. Але гэта толькі пытанне часу. На базе абласной бальніцы ўжо падрыхтаваная пляцоўка пад узвядзенне сучаснага кардыялагічнага цэнтра, дзе падчас семінара якраз і адбылася закладка сімвалічнай капсулы.

— Будаўніцтва новага будынка дасць магчымасць рабіць аперацыі на яшчэ больш якасным узроўні, — адзначыў падчас гэтага ўрачыстага моманту дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра кардыялогіі Аляксандр МРОЧАК. — У свеце ўсё змяняецца, з’яўляюцца новыя тэхналогіі, і мы якраз і абмяркоўвалі іх рэалізацыю ў новым корпусе. Гэта гібрыдная кардыяхірургія, нетрадыцыйная кардыялогія і арытмалогія. Яны дазваляюць рабіць найменш траўматычныя аперацыі і скарачаюць знаходжанне чалавека на бальнічным ложку ў разы. Арганізацыя аказання медыцынскіх паслуг павінна быць такая, каб «залаты стандарт» 120 хвілін быў даступны любому грамадзяніну на любой тэрыторыі. Аказваючы дапамогу пры вострым каранарным сіндроме — а менавіта гэта цяпер найбольш частая кардыялагічная праблема, — трэба ўкласціся ў 120 хвілін, каб даставіць пацыента ў кардыяцэнтр.

— Такая канцэпцыя закладзена па ўсёй краіне, і падобныя цэнтры адкрываюцца не толькі ў гарадах абласнога падпарадкавання, але і ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва 80 тысяч, — дапоўніў калегу намеснік міністра аховы здароўя Вячаслаў ШЫЛА. — І гэта датычыцца і іншых відаў спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. Усё робіцца для таго, каб наблізіць яе як мага бліжэй да жыхароў сельскай мясцовасці і палепшыць якасць іх абслугоўвання.

— У найбліжэйшыя пяць гадоў вобласць чакаюць вялікія пераўтварэнні, накіраваныя на аказанне прафесійнай медыцынскай дапамогі чалавеку і падаўжэнне яго жыцця ў цэлым, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід ЗАЯЦ. — Гэты цэнтр будзе забяспечваць пацыентаў Магілёўскай вобласці самымі сучаснымі метадамі лячэння. Тут мы ўстановім найноўшае абсталяванне, якое ёсць у свеце. Пераўтварэнні адбудуцца не толькі па кардыяхірургіі, але і па анкакірунку. Мы маем намер пабудаваць новы корпус і аснасціць яго перадавым абсталяваннем. Неабходны вялікія матэрыяльныя сродкі для таго, каб усё запланаванае ажыццявіць. Я вельмі ўдзячны Прэзідэнту краіны, які падтрымаў прапанову Магілёўскага аблвыканкама па развіцці медыцынскай базы, і тым прадпрыемствам, якія адгукнуліся на заклік узяць удзел у зборы сродкаў на будаўніцтва важных для вобласці медыцынскіх аб’ектаў. Гэтыя пералічэнні дапамаглі паспяхова завяршыць рэканструкцыю Магілёўскага раддома і бальніцы ў Асіповічах, а таксама пачаць будаўніцтва паліклінікі ў раёне Казіміраўкі і кардыяхірургічнага цэнтра. Спадзяюся, што мы і далей будзем сумеснымі намаганнямі ствараць у вобласці моцную медыцынскую матэрыяльна-тэхнічную базу, якая зможа аператыўна ратаваць жыцці людзей.

Нэлі ЗІГУЛЯ.