Стартаваў WorldSkills

Сінькевіч, Г. Стартаваў WorldSkills : [рэгіянальны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 6 лютага. — С. 4.

На Магілёўшчыне праходзіць рэгіянальны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020.

У конкурсе, які накіраваны на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, прымаюць удзел таленавітыя навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяль­най і вышэйшай адукацыі вобласці, а таксама маладыя спецыялісты.

— Абласны конкурс цалкам адпавядае стандартам міжнароднага руху WorldSkills International. Ён прахо­дзіць па 34 прафесійных кампетэнцыях у такіх галінах, як тэхналогіі будаўніцтва, вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, транспарт і лагістыка, сацыяльныя і персанальныя паслугі, творчыя прафесіі і мода. Асаблівасцю сёлетняга рэгіянальнага адбору стала запрашэнне нашых нацыянальных экспертаў, якія ўважліва сочаць за ходам правя­дзення ўсіх конкурсных мерапрыем­стваў, — паведаміў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі МДАІРА В.Г.Талсціхін.

У апошнія дні студзеня на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта прайшлі спаборніцтвы па кампетэнцыі “Зварачныя тэхналогіі”. Як паведаміла эксперт Т.П.Захарава, яны аб’ядналі восем удзельнікаў. Конкурсныя заданні прадугледжвалі выраб металічных канструкцый рознымі відамі зваркі.

— Сёння рабочыя прафесіі вельмі запатрабаваны на рынку працы. Зараз добры зваршчык часта можа быць больш патрэбным, чым бізнес-аналітык. Што наконт спаборніцтваў, то іх арганізавалі на вельмі высокім узроўні. Галоўнае — былі забяспечаны самыя сучасныя ўмовы для выканання заданняў удзельнікамі. Дарэчы, усе яны сапраўды захоплены выбранай справай і паказалі нядрэнную падрыхтоўку, — адзначыў нацыянальны эксперт кампетэнцыі “Зварачныя тэхналогіі” Павел Панушкін.

Абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 будзе доўжыцца да сакавіка. Пасля журы па ацэнцы прадэманстраваных уменняў і навыкаў вызначыць лепшых канкурсантаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.