Адданыя выбранай справе

Сінькевіч, Г. Адданыя выбранай справе : [абласны конкурс прафесійнага майстэрства «Педагог дадатковай адукацыі»] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 13 лютага. — С. 13.

Неверагодна творчыя прафесіяналы, якія шчыра любяць дзяцей і цалкам адданыя выбранай справе. Такія яны — удзельнікі абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог дадатковай адукацыі”, што надоечы завяршыўся на Магілёўшчыне.


Пераможца конкурсу педагог аб’яднання “Каларыт” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Ю.В.Прохарава.

Традыцыйны конкурс право­дзіцца штогод з мэтай выяўлення і распаўсюджвання перадавога вопыту ў сістэме дадатковай адукацыі, а таксама падтрымкі лепшых педагагічных работнікаў.


Яркія моманты конкурсу.

— Дадатковая адукацыя Магілёўшчыны сёння — гэта 38 навучальных устаноў. Гэта практычна 50 тысяч дзяцей, якія займаюцца ў 5 тысячах аб’яднанняў па інтарэсах. Навучэнцы маюць магчымасць рэалізаваць сябе ў разнастайных напрамках дзейнасці. Дапамагаюць ім у гэтым педагогі-прафесіяналы, якія што­дзень працуюць над раскрыццём дзіцячых талентаў, — паведаміла намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама А.В.Клімянкова.

Сёлета ўдзел у конкурсе прымалі 25 педагогаў. Канкурсанты праходзілі прафесійныя іспыты. У аргкамітэт яны прадстаўлялі відэаролікі заняткаў з навучэнцамі свайго аб’яднання па інтарэсах і майстар-класа па напрамку дзейнасці, прыклады ўласных метадычных распрацовак. Гэтыя заданні дазволілі журы ацаніць прафесійную кампетэнт­насць удзельнікаў, арыгінальнасць, эксклюзіўнасць іх майстэрства, узровень метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. Усе змаглі раскрыць свой прафесіяналізм не толькі як вузкія спецыялісты, якія добра валодаюць пэўным відам дзейнасці, але і як педагогі, дасканальна дасведчаныя ў тэхналогіях навучання дзяцей, раскрыцці іх творчых здольнасцей і асобасных інтарэсаў.

У фінал выйшлі 15 удзельнікаў. Варта назваць імёны гэтых педагогаў. Фіналістамі конкурсу сталі педагог аб’яднання “Свет харэаграфіі” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крэчут” А.В.Антропенка, педагог аб’яднання “Шкатулачка” Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацы дзяцей і мо­ладзі Н.В.Ан­то­ненка, педагог аб’яд­нання “Дамісолькі” Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі Г.М.Бабчанок, харэограф узорнага харэаграфічнага ансамбля “Васілёк” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска А.А.Галех, педагог аб’яднання “Прырода і фантазія” Горацкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі А.У.Гогаль, педагог аб’яднання “Чароўная палітра” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” Магілёва Л.Д.Крываногава, педагог аб’яд­нан­ня “Чамучкі” шматпрофільнага цэнтра “Ветразь” Бялыніч С.В.Ла­заронак, педагог аб’яднання “Каларыт” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Ю.В.Прохарава, педагог аб’яднання “Калейдаскоп” Цэнтра творчасці Глуска С.М.Патапенка, педагог аб’яд­нання “Умелыя ручкі” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва А.В.Раманава, педагог аб’яднання “Я — вядучы!” шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва А.А.Слесараў, педагог аб’яднання “Азбука мастака” Цэнтра дзіцячай творчасці Мсціслава А.У.Раманенка, педагог аб’яднання “Настрой” Касцюковіцкага раённага цэнтра дзіцячай творчасці А.М.Хрыпачова, педагог аб’яднання “Мы гаворым па-англійску” Слаўгарадскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці А.М.Хрушчова, педагог аб’яднання “Вясёлкавы пэн­дзаль” Цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва Ю.М.Шпатаў.

Усе вышэйназваныя педагогі — несумненныя прафесіяналы. Выявіць сярод іх лепшага з лепшых дапамог шэраг фінальных конкурсных заданняў. Спачатку канкурсанты праходзілі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, а пасля выступалі з самапрэзентацыяй “Знаёмцеся — гэта я!”.

На сцэне педагогі раскрывалі свой асобасна-прафесійны вобраз, разнастайнасць талентаў, абазначалі педагагічнае крэда. Іх крэатыўныя, напоўненыя творчасцю і любоўю да сваёй прафесіі выступленні ўражвалі. Педагогі шчыра і заўзята расказвалі пра свае працоўныя будні, пра сваіх вучняў і іх дасягненні.

— Быць педагогам дадатковай адукацыі — гэта вялікая адказнасць. Адказнасць за тое, якімі вырастуць нашы дзеці. Каб быць добрым педагогам, трэба любіць тое, што робіш, а яшчэ — бязмежна любіць сваіх вучняў, — адзначыла ў сваім выступленні педагог аб’яднання “Мы гаворым па-англійску” Слаўгарадскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці А.М.Хрушчова, і яе словы былі сугучныя выступленням астатніх канкурсантаў.

Раіцца і вызна­чаць пераможцаў судзейскай камісіі прыйшлося доўга, але прысутныя ў зале ў гэты час не сумавалі. Сваімі таленавітымі выступленнямі іх радавалі выхаванцы абласнога Цэнтра творчасці.

Па выніках конкурсу перамогу і ганаровае званне “Педагог дадатковай адукацыі” заслужана атрымала прадстаўніца Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Ю.В.Прохарава. Лаўрэатамі конкурсу сталі Л.Д.Крываногава з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” Магілёва, А.А.Слесараў са шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва і А.У.Гогаль з Горацкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Астатніх фіналістаў адзначылі дыпломамі па намінацыях.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.