Вялікі тэніс для малых

Малініна, Т. Вялікі тэніс для малых : [дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 8 Магілёва] / Таццяна Малініна // Звязда. — 2020. — 10 кастрычніка. — С. 4. 

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 8 Магілёва стаў першай установай дашкольнай адукацыі ў вобласці, дзе па ініцыятыве Магілёўскага абласнога аддзялення РГА «Беларуская тэнісная федэрацыя» з’явілася секцыя тэніса, якую цяпер наведваюць тры групы. Заняткі праводзяцца ў гульнявой форме двойчы на тыдзень.

Як расказала кіраўнік фізічнага выхавання Ганна БРЫЛЬ, якая напярэдадні паспяхова прайшла спецыялізаваныя курсы і атрымала адпаведныя сертыфікаты, дзеці з ахвотай займаюцца гэтым новым відам спорту і крок за крокам спасцігаюць яго азы.

— Нам перадалі сучасны інвентар, які патрэбны для гульні ў тэніс. У хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць вялікае жаданне вучыцца яму, а ў нашым садку для гэтага створаны добрыя ўмовы, — падкрэсліла Ганна Барысаўна. — Магчыма, менавіта з маленства ў каго-небудзь з дзетак і з’явіцца вялікае жаданне займацца гэтым відам спорту далей, дасягаць новых вышынь. Хто ведае, можа сярод іх — будучыя зоркі беларускага тэніса?!

Ганна Барысаўна працуе з дзеткамі ўжо каля 10 гадоў, з іх чатыры — у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 8 Магілёва. Са спортам яна сябруе са школы, а цяпер на сваіх занятках імкнецца прывіць хлопчыкам і дзяўчынкам любоў да фізкультуры.

Таццяна МАЛІНІНА.