Камфорт і хуткасць: усё ўключана

Тычко, Н. Камфорт і хуткасць: усё ўключана : [новы цягнік бізнес-класа Магілёў–Мінск] / Наталля Тычко // Рэспубліка. – 2020. — 21 лістапада. — С. 4. 

Гомель, Брест, Гродно, Витебск, а теперь и Могилев: скоро в областной центр пустят еще один поезд бизнес-класса.

Рамантыка чыгункі заў­сёды непаўторная. Праехаць пад грукат колаў і паназіраць праз вагоннае акно за імклівым пераходам краявідаў — са­праўднае задавальненне! Развіццё транспартных зносін і камфорт пасажыраў — актуальныя задачы беларускай чыгункі. Таму чыгуначныя зносіны сталіцы з рэгіёнамі, буйнымі раённымі цэнтрамі — самыя важныя. З 13 снежня змяняецца графік руху цягнікоў на бягучы і наступныя гады. Сярод новаўвядзенняў — хуткасны цягнік Мінск — Магілёў і чатыры рэйсы па маршруце Мінск — Пінск.

Пасажыраў па маршруце Мінск — Магілёў будзе перавозіць камфартабельны шасцівагонны дызель-цягнік ДП6.
ФОТА АЛЯКСЕЯ ВЯЗМІЦІНАВА

У Магілёў па-хуткаму

Пасажыраў па маршруце Мінск — Магілёў будзе перавозіць камфартабельны шасцівагонны дызель-цягнік ДП6. Першы такі састаў прыбыў на чыгунку ў пачатку чэрвеня мінулага года. Набыць ДП6 запланавалі амаль адразу. Выра­шылі, што такія цягнікі будуць курсіраваць па маршрутах Мінск — Віцебск, Мінск — Гродна і Мінск — Магілёў. Па першых двух напрамках перавозкі ўжо ажыццяўляюцца. Цяпер — наступны крок: арганізацыя дзённых транспартных перавозак цягнікамі ДП6 са сталіцы ў Магілёў і наадварот.

— За дзень па гэтым напрамку будзе курсіраваць ажно тры пары хуткасных цягнікоў з мінімальнай колькасцю прыпынкаў і часам стаянак. Спыняцца ж будуць на станцыях Асіповічы, Ялізава і Нясета, — інфармуе намеснік начальніка пасажырскай службы ўпраўлення БЧ Канстанцін Баяр. — Шэсць дзённых цягнікоў забяспечваюць перавозкі на гэтым кірунку.

Цягнік ДП6 досыць камфорт­ны: з вялікім салонам, мяккімі крэсламі, можна адрэгуляваць спінку крэсла і падлакотнікі. Каля кожнага ся­дзення — разетка для падзарадкі гаджэтаў, бясплатны Wi-Fi і медыясервер. Салон прызначаны і для перавозкі пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі, знойдзецца месца і для дзіцячых калясак, ровараў, буйнога багажу. Цягнік разлічаны на 311 стацыянарных месцаў, з іх 25 — для першага класа. Канструкцыйная хуткасць руху цягніка — 140 км у гадзіну. Кошт праезду ад Мінска да Магілёва на месцах другога класа абыдзецца ў 13 рублёў 7 капеек, на месцах першага — у 18 рублёў 2 капейкі.

Цягнік ДП6 досыць камфортны: прасторны салон, мяккія крэслы, спінку крэсла і падлакотнікі можна адрэгуляваць.
VK.COM/BELRAILWAY

Больш рэйсаў — такіх патрэбных і камфортных

Новы цягнік з’явіцца і ў напрамку Мінск — Пінск. Да рэгулярных цягнікоў дадалі рэйсы ў пятніцу і нядзелю. Перавозкі будуць ажыццяўляцца трохвагонным дызель-цягніком ДП3. Цягнік № 859 будзе адпраўляцца з Мінска ў 14:07 і прыбываць у Пінск у 18:09. Назад з Пінска цягнік № 860 адправіцца ў 18:39 і прыбудзе ў сталіцу ў 22:43. Па дарозе запланаваны прыпынкі на станцыях Баранавічы-Палескія, Ляхавічы, Ганцавічы і Лунінец. Кошт квітка — 9 рублёў 95 капеек.

— Мінск — Магілёў і Мінск — Пінск — гэта перспектыўныя напрамкі для курсіравання новых цягнікоў. Дынаміка попыту на перавозкі цягнікамі бізнес-класа даволі высокая, і яны запатрабаваны ў пасажыраў, — заўважыў Канстанцін Баяр.

Гэтыя перавозкі будуць раз­вівацца і па маршруце Мінск — Віцебск. Паўночны абласны цэнтр і сталіцу звяжуць тры пары што­дзённых цягнікоў міжрэгіянальных ліній бізнес-класа ДП6. Дадаткова ў цягніка № 711 Віцебск — Мінск (адпраўленне з Віцебска ў 19:08) з’явяцца наступныя прыпынкі: на станцыях Крупкі, Жодзіна і Смалявічы. У новым графіку перавозак па маршруце Мінск — Гродна таксама паскораны рух цягнікоў № 729 / 730 міжрэгіянальных ліній бізнес-класа.

Беларуская чыгунка напярэдадні навагодніх свят традыцыйна павялічвае колькасць цягнікоў. Так, з 24 снежня па 11 студзеня БЧ прызначыла больш за 70 дадатковых цягнікоў на навагоднія і калядныя святы. Цягнікі будуць курсіраваць па найбольш запатрабаваных у пасажыраў маршрутах: Мінск — Гомель, Мінск — Брэст, Мінск — Віцебск (праз Полацк, з вагонам Мінск — Друя), Полацк — Мінск, Мінск — Пінск, Мінск — Светлагорск, Гомель — Віцебск, Гродна — Крычаў — Камунары. Продаж квіткоў на цягнікі міжрэгіянальных ліній у межах краіны пачынаецца за 45 сутак да адпраўлення, на цягнікі рэгіянальных ліній бізнес-класа — за 20 сутак.

tychko@sb.by