Баль таленавітай моладзі

Сінькевіч, Г. Баль таленавітай моладзі : [абласны навагодні баль для вучнёўскай і студэнцкай моладзі] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 29 снежня. — С. 3. 

Каля 50 юнакоў і дзяўчат з розных куткоў Магілёўшчыны ўзялі ўдзел у абласным навагоднім балі для вучнёўскай і студэнцкай моладзі.

Удзельнікі балю — лепшыя прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэгіёна. Кожны з іх ужо дасягнуў значных поспехаў у пэўным напрамку. Адны маладыя людзі з’яўляюцца выдатнікамі вучобы, пераможцамі алімпіяд, другія — бліскуча праяўляюць сябе ў творчасці, выступаючы на прэстыжных фестывалях і конкурсах, трэція — дэманстру­юць спартыўныя рэкорды, паспяхова займаюцца навуковай ці грамадскай дзейнасцю. Навагодні баль стаў для моладзі своеасаблівым падарункам за працавітасць і стараннасц­ь, заахвочваннем іх дасягненняў, матывацыяй на заваяванне новых вышынь.

З надыходзячымі святамі адоранную моладзь павіншаваў першы намеснік старшыні Магілёўскага абл­выканкама Анатоль Уласевіч.

— На сённяшнюю ўрачыстасць з’ехаліся лепшыя прадстаўнікі магілёўскай моладзі. Вы — наша будучыня, эліта нашага грамадства. Няхай здзейсніцца ўсё, пра што вы марыце, няхай у вас будзе яшчэ больш значных дасягненняў. У добры шлях, — пажадаў Анатоль Васільевіч.

— Мы акунуліся ў чароўную атмасферу навагодняй урачыстасці. Вельмі значна, што ў нашай краіне моладзі аказваецца ўсебаковая падтрымка. Адчуваючы гэты клопат, хочацца развівацца, павышаць свае веды, працаваць на карысць нашай роднай Беларусі, — адзначыла ад імя ўсіх удзельнікаў балю студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Наталля Сіранкова.

У палацы культуры вобласці гучалі рытмы вальсу, полькі, паланэзу. Кружыліся ў танцы юныя дамы і кавалеры. Музыку змянялі вакальныя выступленні, мізансцэны, гульні.

Са святамі таленавітую моладзь рэгіёна павіншавалі і галоўныя навагоднія персанажы — Дзед Мароз і Снягурка. Напрыканцы мерапрыемства кожнаму маладому чалавеку ў якасці падарунка былі ўручаны салодкія прысмакі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.