Маліноўскі Георгій Мікалаевіч : [пайшоў з жыцця 5 сакавіка 2021 года] // Настаўніцкая газета. — 2021. — 6 сакавіка. — С. 15.
5 сакавіка 2021 года памёр клапатлівы бацька дваіх дзяцей, любімы муж, выдатны чалавек Георгій Мікалаевіч Маліноўскі. Ён быў цудоўным педагогам і паважаным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся Георгій Мікалаевіч 9 снежня 1942 года ў сяле Брычаны Малдаўскай CCR Атрымаўшы першы працоўны вопыт, адслужыў ва Узброеных Сілах, дзе і зацікавіўся педагагічнай дзейнасцю. У 1970 годзе скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, затым выкладаў гісторыю, геаграфію і фізкультуру ў сельскіх школах Магілёўскага раёна, працаваў у Магілёўскім райкаме партыі, дзе курыраваў пытанні прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
3 чэрвеня 1987 года быў назначаны дырэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага. Пад яго ўмелым кіраўніцтвам каледж стаў не толькі адным з лепшых у краіне, але і своеасаблівым сімвалам Магілёўшчыны. Установа адукацыі была ўдастоена права занясення на рэспубліканскую і абласную Дошку Гонару.
Значную ўвагу Георгій Мікалаевіч удзяляў грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падлеткаў. Ён ініцыятар стварэння заалагічнага сада ў аграгарадку Буйнічы, маштабнай музейна-гістарычнай экспазіцыі на тэрыторыі каледжа, у склад якой уваходзіць адзіны ў Беларусі музей пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. Дзякуючы актыўнай грамадзянскай пазіцыі, высокім маральным і дзелавым якасцям Георгій Мікалаевіч неаднаразова абіраўся дэпугатам Магілёўскага раённага Савета дэпутатаў.
Г.М.Маліноўскі ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём “За працоўныя заслугі”, ордэнам “Знак пашаны”, Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам “За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі”.
Георгію Мікалаевічу аб’яўлена падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прысвоены званні “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва”. Яго імя ўнесена ў Кнігу славы Магілёўшчыны.
Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага інстытута развіцця адукацыі М.М.Жудро, калектыў і прафсаюзны камітэт інстытута, вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі, педагогі Магілёўшчыны глыбока смуткуюць з прычыны смерці дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Г.М.Маліноўскага і выказваюць глыбокія спачуванні яго родным і блізкім.
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь глыбока смуткуе з прычыны смерці Георгія Мікалаевіча МАЛІНОЎСКАГА, дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага, і выказвае шчырыя спачуванні яго родным.
Калектыў установы “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” глыбока смуткуе з прычыны смерці Георгія Мікалаевіча МАЛІНОЎСКАГА, педагога, заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, і выказвае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.