Колер, які нас яднае

Зігуля, Н. Колер, які нас яднае : [у Магілёве адкрываецца крама дзяржаўнай сімволікі] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 6 мая. — С. 3.

9 Мая ў Магілёве адкрыецца крама дзяржаўнай сімволікі.

Сёлета важная для кожнага беларуса дата супадае з яшчэ адной таксама значнай і патрыятычнай — Днём сцяга і герба, які адзначаецца ў другую нядзелю мая. На ўсенародным рэферэндуме ў 1995 годзе за цяперашні дзяржаўны сцяг і герб прагаласавала болей чым 75 % беларусаў. У святле апошніх падзей чырвона-зялёны колер набыў яшчэ больш моцнае гучанне. Ён стаў не толькі знакам міру і стабільнасці, але і сімвалам яднання.


Крама дзяржаўнай сімволікі адкрываецца ў сценах былой кнігарні «Раніца» прадпрыемства «Магілёўсаюздрук» на праспекце Міру. Прэзентацыя яшчэ наперадзе, але ў якасці азнаямлення карэспандэнту «Звязды» паказалі, як прыблізна ўсё будзе выглядаць. З парога адразу ж трапляеш у атмасферу дзяржаўнасці і ўрачыстасці. На палічках сур’ёзныя кнігі, маляўнічыя альбомы з беларускімі краявідамі, сувенірная прадукцыя, якая прадстаўляе краіну ў цэлым і рэгіён у прыватнасці, мелкая пластыка, лялькі ў беларускіх строях, дзяржаўныя СМІ.

— У нашай краме шырока прадстаўлены кнігі вядучых беларускіх выдаўцоў, у тым ліку такіх аўтарытэтных, як Выдавецтва «Беларусь», Выдавецкі дом «Звязда», Выдавецкі дом «Беларуская навука», — звяртае ўвагу вядучы таваравед Вольга Ламакіна.

Яна расказвае, што крама была перафармаціравана за вельмі кароткі час. І пастаянныя пакупнікі ўжо з цікавасцю чакаюць яе адкрыцця.

— Стварэнне такога аб’екта — патрабаванне часу, — пераканана дырэктар «Магілёўсаюздруку» Алена Котава. — Мы пайшлі насустрач зваротам жыхароў, працоўных калектываў Магілёва і вобласці. Узнікла неабходнасць сканцэнтраваць усю прадукцыю, звязаную з дзяржаўнай сімволікай, пад адным дахам. І мы паклапаціліся пра тое, каб тут быў найбольш поўны асартымент. Пакуль гэта адзіная падобная крама ў краіне.

Алена Котава сведчыць, што апошнім часам стала прыкметна расці цікавасць да беларускіх выданняў. За мінулы год у параўнанні з папярэднім рэалізацыя такой літаратуры вырасла да 150 %. Прадпрыемства клапоціцца, каб усе апошнія кніжныя навінкі былі прадстаўлены ў яго гандлёвай сетцы. У краме дзяржаўнай сімволікі будзе магчымасць купіць высокамастацкія кнігі пра мінулае і сучаснае Беларусі, краязнаўчую літаратуру, падарункавыя выданні.

— Гораду проста не хапала такой пляцоўкі, — пераканана начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка. — Найлепшымі якасцямі беларускага грамадзяніна заўсёды лічыліся працавітасць, прыстойнасць, патрыятызм. Менавіта з імі і асацыюецца дзяржаўная сімволіка нашай суверэннай незалежнай краіны. Гэта тыя скрэпы, якія аб’ядноўваюць нас усіх разам і вакол кіраўніка дзяржавы. Беларускую сімволіку трэба ведаць, умець у ёй разбірацца.

Невыпадкова для крамы дзяржаўнай сімволікі ў Магілёве выбрана цэнтральнае месца. Па дыяганалі праз падземны пераход яна суседнічае з Домам Саветаў — месца, добра вядомае не толькі жыхарам горада, але і вобласці. Не прыйдзецца блукаць і замежным гасцям. Тут усё побач. Не выключана, што ў будучыні крама будзе ўдасканальвацца, з’явяцца новыя паслугі. Напрыклад, магчымасць нанесці на прадметы і адзенне прынт з дзяржаўнай сімволікай.

— Функцыя сімволікі — аб’ядноўваць, і наша задача — паклапаціцца пра тое, каб гэтыя сімвалы прысутнічалі ў нашым жыцці, — адзначае намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Гэта не толькі прапаганда гімна і сцяга, але і тыя візуальныя сімвалы, якія павінны аб’ядноўваць людзей вакол Прэзідэнта, дзеючай улады, у рэшце рэшт візуалізаваць сілу народа. Імі трэба напаўняць грамадскую прастору, выкарыстоўваць пры правядзенні грамадска-палітычных мерапрыемстваў. Дзяржаўная сімволіка будзе да месца і на кепцы, і на фуфайцы, і на школьным дзённіку. Гэта тое, што робіць нас мацней, тыя правілы, па якіх мы сёння жывём і якія прыняла большасць. Трэба падняць гістарычную важнасць дзяржаўнай сімволікі на новы больш высокі ўзровень. Мы павінны мець магчымасць набыць не толькі герб або сцяг, але і эталон дзяржаўнага гімна. І менавіта гэта версія павінна выкарыстоўвацца на палітычных мерапрыемствах. Мы робім гэтую краму не толькі для людзей, якія цікавяцца дзяржаўнымі сімваламі, але і для шырокай грамадскасці, якая зможа набыць там кнігу або перыядычнае выданне, замовіць сувенір з беларускай сімволікай. А яшчэ, калі рыхтавалі краму да адкрыцця, звярнулі ўвагу, што нашы выдавецтвы прыпынілі выданне сувенірных кніг. Калісьці я купіў некалькі маленькіх томікаў Багдановіча на падарунак у Маскву. І тыя некалькі камплектаў разышліся ў імгненне. А калісьці гартаў томік Якуба Коласа, перакладзены на англійскую мову. І гэта таксама было цудоўна. Трэба такія традыцыі працягваць.

Нэлі ЗІГУЛЯ