Зігуля, Н. У Магілеве працуе «Скрыня дапамогі» : [дабрачынная акцыя абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 1 кастрычніка. — С. 3.
Дабрачынную акцыю ладзіць абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. На ўваходзе ў гандлёвы цэнтр «Парк Сіці» ў мікрараёне Казіміраўка ўстаноўлена спецыяльная скрыня, куды можна пакласці цёплыя рэчы і абутак, у тым ліку і тыя, што былі ва ўжыванні. Адзіная ўмова, рэчы павінны быць у добрым стане і чыстымі. Іх потым перададуць тым, хто мае ў іх патрэбу — шматдзетным сем’ям, сіротам, інвалідам.
— Кантэйнер для адзення і абутку — гэта наш першы вопыт, каб паглядзець, наколькі такая форма супрацоўніцтва будзе запатрабаваная, — удакладняе старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Андрэй Мартыноўскі. — Галоўнае, каб людзі зразумелі, што гэта кантэйнер для добрых рэчаў, а не для тых, якія нікому не патрэбныя, у тым ліку і гаспадару, а выкінуць шкада. Мы займаемся фандрайзінгам для прыцягнення рэсурсаў для аказання дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу. Для таго, каб рабіць гэта зручна, камфортна і цывілізавана быў зроблены такі кантэйнер. Мы прымаем пажадана новыя чыстыя якасныя рэчы, каб своечасова перадаць іх дзецям, сіротам, інвалідам. У рамках акцый, нядаўна гэта была «Збяром дзяцей ў школу», хутка пачнецца «Клопат», потым «Ёлка пажаданняў» і гэтак далей мы таксама праводзім фандрайзінгавыя мерапрыемствы. Прымаем адзенне, абутак, канцылярскія прыналежнасці, цацкі ад насельніцтва.
У бліжэйшым будучым Магілёўскае абласное аддзяленне збіраецца адкрыць рэсурсны цэнтр па дапамозе інвалідам і прымае ад насельніцтва інвалідныя вазкі, хадуны, мыліцы, шматфункцыянальныя ложкі для перадачы ў часовае карыстанне тым, каму яны неабходныя. Попыт на такія рэчы ёсць і людзі пастаянна звяртаюцца ў Чырвоны Крыж з просьбай дапамагчы.
Андрэй Мартыноўскі таксама звяртае ўвагу, што таварыства дапамагае насельніцтву ў барацьбе з ковідам, прычым адразу па некалькіх кірунках — гэта медыка-сацыяльная дапамога, дастаўка прадуктаў на дом, дапамога медыкам і службе сацыяльнай абароны ў выглядзе масак, дезсродкаў, спецаддзення, вырабаў медыцынскага прызначэння для правядзення прафілактычных мерапрыемстваў. Зараз гэта работа зноў актывізавана.
Да ведама, у вобласці функцыянуе 25 раённых арганізацый Чырвонага Крыжа, створана 1596 пярвічных арганізацый, якія аб’ядноўваюць каля 200 тысяч членаў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Пад знакам Чырвонага Крыжа ў вобласці працуе каля 2000 валанцёраў.
Нэлі ЗІГУЛЯ