Зігуля, Н. «#Элементарна _Ватсан» : Магілёўскі інстытут МУС арганізаваў анлайн-конкурс для жадаючых стаць міліцыянерамі / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 1 снежня. — С. 13.
Як кажуць арганізатары, у сувязі з пандэміяй конкурс стаў своеасаблівай заменай традыцыйнага Дня адчыненых дзвярэй, які штогод праводзіўся для будучых курсантаў. Сёлета анлайн-конкурс прайшоў у другі раз. На працягу трох тыдняў больш за 100 навучэнцаў сярэдніх школ, гімназій, кадэцкіх вучылішч, сярэдне-спецыяльных і прафесіянальна-тэхнічных навучальных устаноў спаборнічалі паміж сабой ва ўменне хутка і змястоўна рэагаваць на заданні.
— Конкурс прайшоў на платформе сацыяльнай сеткі «УКантакце» ў спецыяльна створанай для канкурсантаў суполцы, — расказаў падрабязнасці афіцыйны прадстаўнік інстытута МУС Кірыл Маржанаў. — Яны адказвалі на пытанні, звязаныя з гісторыяй праваахоўных органаў, дэманстравалі сваё ўменне лагічна мысліць і хутка рэагаваць, рабілі фота з людзьмі, якія іх натхняюць, і размяшчалі на платформе, здымалі відэаролікі пра сваю малую радзіму і рабілі як мага больш добрых спраў. Бо гэта таксама была адна з умоў конкурсу.
Актыўнасць удзельнікаў парадавала арганізатараў і яны вырашылі заахвоціць не аднаго-трох пераможцаў, а пяцярых. У ТОП-5 увайшлі вучні сярэдніх школ № 3 і 7 з горада Калінкавічы Гомельскай вобласці Уладзіслаў Кураш і Алена Малашчанка, вучаніца СШ № 2 з горада Мсціслава Магілёўскай вобласці Ганна Курцянкова, навучэнец гімназіі № 56 з Мінска Віктар Манькоўскі, а таксама навучэнка Чырвонабярэжскай школы, што ў Жлобінскім раёне на Гомельшчыне, Дар’я Сніткова.
Усе пераможцы былі запрошаны ў Магілёўскі інстытут МУС, дзе акрамя ўрачыстага ўзнагароджання для іх была арганізавана экскурсія па ВНУ. Рабятам таксама паказалі знакавыя месцы Магілёва .
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскага інстытута МУС