Дзічяцы садок па сучасных тэхналогіях

Зігуля, Н. Дзічяцы садок па сучасных тэхналогіях : [новы дзіцячы садок у мікрараёне Спадарожнік] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2022. — 18 студзеня. — С. 5. 

Ён адкрыўся ў Магілёве ў маладзёжным мікрараёне «Спадарожнік», дзе жыве вялікая колькасць маладых сем’яў. Канцэпцыя пабудовы была распрацавана яшчэ ў 2019 годзе. Ініцыятарам і фундатарам выступіла прыватная кампанія RІKO. За сродкі Магілёўскага гарвыканкама зроблены праектна-каштарысная дакументацыя, фундамент, камунікацыі і добраўпарадкаванне.

Атрымаўся сапраўдны міні-гарадок для маленькіх насельнікаў — з басейнам, сучаснымі гульнявымі, спартыўнымі, музыкальный і іншымі пакоямі, прызначанымі для развіцця творчых здольнасцяў дзяцей. У памяшканнях светла і ўтульна дзякуючы панарамным вокнам і шкляным дзвярам, прадуманаму абсталяванню, зручнай мэблі і цацкам. Яслі-садок № 118 разлічаны на 10 груп дзяцей ва ўзросце ад 2 да 6 гадоў. Чатыры выхавальнікі з 15 з’яўляюцца маладымі спецыялістамі. У штаце два музычныя кіраўнікі, тры кіраўнікі фізічнага выхавання, а таксама педагог-псіхолаг. Для гэтых спецыялістаў прадугледжаны асобныя кабінеты. Створаны ўмовы для аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі выхаванцам.

— Сёння мы адкрылі дзіцячы садок на 200 месцаў у Магілёве, літаральна праз некалькі дзён урачыста адкрыецца дзіцячы садок у Бабруйску на 240 месцаў, а на працягу паўгода яшчэ адзін — у Шклове, — паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА. — Такія важныя аб’екты, як школы, дарогі, дзіцячыя садкі — частка сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. Асабліва прыемна адкрываць дзіцячыя садкі. Гэта інвестыцыі ў нашых дзяцей, у будучае краіны. Робіцца ўсё, для таго каб гэтыя аб’екты былі сучаснымі і прыгожымі. Каб дзіця адчувала сябе тут як дома, каб яго фарміраванне адбывалася ў прыгожым асяроддзі. Самае важнае — выхаваць чалавека, які паважае бацькоў, педагогаў, свой горад, Радзіму… Спадзяёмся, што з’яўленне такіх аб’ектаў станоўча паўплывае і на дэмаграфічныя паказчыкі.

Нэлі ЗІГУЛЯ.