На сувязі са святам

Зігуля, Н. На сувязі са святам : у Магілёўскім філіяле «Белпошты» працуюць таленавітыя фотамастакі / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2022. — 5 сакавіка. — С. 13. 

У Магілёўскім філіяле «Белпошты» працуюць таленавітыя фотамастакі

Фотаконкурс «На сувязі са светам» праводзіцца сёлета дзявяты раз. Яго ініцыятар і куратар — Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі. Усе супрацоўнікі прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у гэтую галіну, маюць шанц выказацца. Найлепшых фотааматараў сярод паштавікоў спачатку па раёне, потым па вобласці, а затым у маштабах краіны вызначае «Белпошта». І ўжо пасля рэспубліканскага этапу пераможцаў называе ведамасны рэспубліканскі прафсаюз. Прадстаўнікі паштовай сувязі Магілёўскай вобласці заўсёды маюць вялікі рэйтынг. Вось і гэтым разам фотааматары актыўна ўключыліся ў працэс. Усяго прадстаўлена каля 200 работ у 13 намінацыях.

— Выбраць найлепшых з такой колькасці прэтэндэнтаў — задача не з лёгкіх, — кажа старшыня пяр-вічкі Магілёўскага філіяла РУП «Белпошта» Наталля ГРАБАРЭНКА. — Але ў нас вопытнае журы і вельмі патрабавальнае. Уліч-ваецца арыгінальнасць сюжэта, выразнасць, незвычайнасць, не-ардынарнасць, якасць выканання. Фотаконкурс натхняе людзей, няма такой старонкі жыцця, якую нельга было б адлюстраваць і адправіць на конкурс. Гэта і працоўная дзейнасць, і адпачынак, і спартыўныя спаборніцтвы, і патрыятычныя ак-цыі. Асобны блок — дом, сям’я, дзеці, сямейныя ўрачыстасці, дамашнія гадаванцы. Вёска, гарадскі пейзаж, беларускія краявіды, цікавыя мясціны, архітэктура — усе нагоды для здымак вітаюцца. Прымаюцца фота ў стылі рэтра, чорна-белыя і каляровыя, глянцавыя і матавыя. І неабавязкова рабіць кадры на прафесійную камеру — дастаткова смартфона. Галоўнае, каб было арыгінальна і чапляла.

Інжынер-праграміст Магілёўскага філіяла РУП «Белпошта» Аляксандр Аляксанаў — адзін з актыўных удзельнікаў конкурсу. Яго работы неаднойчы высока адзначаліся. На адным з яго фота жоўты павучок і лясная муха на рамонку. Мне спачатку падалося, што павук штучны — ніколі не бачыла тагах у прыродзе. «Кадр цалкам з жыцця, — запэўнівае Аляксандр. — Гуляў неяк па лесе і звярнуў увагу на незвычайную парачку на кветцы».

На конкурс Аляксандр перадаў 13 работ — па адной для кожнай намінацыі. Уражвае яго здымак з ветэранам на фоне мемарыяльнай кампазіцыі ў чорна-белых І каляровых тонах адначасова.

— Фота захапіўся гадоў 15 таму, — кажа Аляксандр. — Спачатку была двухмегапіксельная «мыльніца», але мне не хапала адной кнопкі — «шэдэўр». У пошуках яе купіў люстэркавы фотаапарат — Nikon D5. Разумеў, што кнопкі «шэдэўр» не знайду і там, пакуль дасканала не вывучу ўсе прамудрасці фотасправы. Шмат прааналізаваў інфармацыі і ў інтэрнэце, і ў кнігах, і ў часопісах.

Любімы сюжэт Аляксандра — партрэт. І каб твар на ім быў выразны, а фон – размыты. У смартфоне гэта робіцца шляхам праграмнай апрацоўкі, а ў люстэркавых фотаапаратах — з дапамогай лінз аб’ектыва. «Больш прывабна выглядае фота, дзе фон размыты люстэркамі, а не праграмай, — кажа суразмоўца. — Асабіста мне апошні варыянт вельмі рэжа вока».

Аляксандр перакананы, што без ведання тэорыі якаснае фота зрабіць немагчыма. Нават самым дарагім фотаапаратам. Таму, калі ў яго пытаюцца, які фотаапарат выбраць, ён задае сустрэчнае пытанне: а фотатэорыю вучыць будзеце? «Знаёмы купіў дарагі фотаапарат, але кнопку «шэдэўр» так і не знайшоў», — канстатуе фотааматар. І прызнаецца, што, хоць і не лічыць сябе мэтрам, заўсёды радуецца, калі яго работы адзначаюць прафесіяналы.

На працягу некалькіх гадоў пераможцам асобных конкурсаў з’яўляецца Дар’я Паўракова. У Магілёўскім філіяле яна працуе інжынерам па нармаванні працы. Эмоцыі чэрпае ў актыўным ладзе жыцця, катаецца на каньках, лыжах. «Гэта ўсё людзі выразнай грамадзянскай пазіцыі, — удакладняе пра іх старшыня прафкама. — Заўсёды ўдзельнічаюць у грамадзянскіх і патрыятычных акцыях, узнімаюць настрой калегам на карпаратыўных мерапрыемствах».

Здагадацца пра гэта можна, дарэчы, і па фота. Са здымачнай тэхнікай яны ніколі не развітваюцца.

— У мяне фатаграфіі цалкам аматарскія, зроблены выключна на тэлефон, — кажа Дар’я. — Люблю ўбачыць нешта прыгожае і адразу ж зафіксаваць.

На яе фота — дзеці, прырода, кадры з жыцця. На адным з іх — зялёнае сэрца з моху. Дар’я, вялікая аматарка прагулак па лесе, смяецца, што гэта прырода ёй у адказ прызналася ў любові.

Сямейныя фота кажуць самі за сябе. Сыны Дар’і цікавяцца баявымі мастацтвамі і заўсёды гатовы прыдумаць якую-небудзь арыгінальную кампазіцыю. А яшчэ яна вельмі любіць кветкі. Ад яе рознакаляровых крокусаў так і павявае вясной. Хочацца прачнуцца ад зімовага сну і засланіць ад мёртвага холаду безабароннае жыццё.

А вось сужэнец Дар’і разам з сынам саджаюць дрэва. «Пабудаваў кватэру, нарадзіў сына і дрэва пасадзіў, — жартуюць эксперты.

— Так яно і ёсць, — усміхаецца Дар’я. — У нас на раёне была акцыя «Пасадзі дрэва», і мы яе падтрымалі. Было шмат пазітыву.

Кожны ўдзельнік фотаконкурсу — асобная гісторыя. І журы не так проста зрабіць свой выбар. Але ўжо найбліжэйшыя дні трэба вызначыцца з пераможцамі. У сакавіку—красавіку адбудзецца рэспубліканскі этап спаборніцтваў, а потым вынікі падвядзе прафсаюз.

— Фотаконкурс па ранейшаму застаецца адной з самых любімых нашых падзей, прызналася Наталля Грабарэнка. — Такім чынам мы не толькі фарміруем прафсаюзны рух, але і садзейнічаем эстэтычнаму выхаванню чалавека.

— Конкурс дае магчымасць нашым работнікам праявіць творчыя схільнасці і адкрыць нешта новае ў сабе, — лічыць член журы, намеснік дырэктара Магілёўскага філіяла РУП «Белпошта» Галіна МАРЧАНКА. — Мы вельмі ганарымся, што нашы канкурсанты паказваюць высокія вынікі. Прафесіяналы сваёй справы, яны яшчэ і людзі творчыя, якія маюць добры густ.

Нэлі ЗІГУЛЯ.