Прызямліліся канікулы

Казека, С. Прызямліліся канікулы : [сумесны праект Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Магілёўскай ДШМ № 1] / Святлана Казека // Літаратура і мастацтва. — 2022. — 25 лютага. — С. 3.

Менавіта так называлася тэатральна-паэтычнаяьпраграма, якая ладзілася ў межах аднайменнага сумеснага праекта Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 1.

Пастаноўка рэалізавана кіраўніком узорнай тэатральнай студыі «У кропку!», загадчыкам тэатральнага аддзялення Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 1, членам СПБ Вольгай Бяловай на вершы магілёўскай дзіцячай паэтэсы Жанны Міус.

Праграма ўяўляе сабой паэтычны паўгадзінны спектакль на тэму сям’і і школьнага жыцця. Персанажы лёгка пазнаюцца: бацька, які заўсёды спяшаецца на працу і дзелавыя сустрэчы; строгая і адказная маці, якая кожны вечар правярае, ці вывучаны ўрокі; гарэзлівыя дочкі, якія і ўборы з матчынага адзення лялькам сшыюць, і боршчык прыгатуюць, і шпалеры размалююць; варкатлівая котка Марсіела Пусеўна і інш.

Спектакль будзе дэманстравацца ў школах і бібліятэках Магілёва. Прэм’ера адбылася напрыканцы мінулага года ў СШ № 25 для вучняў і іх бацькоў. На паказе прысутнічала аўтар вершаў спектакля
Жанна Міус. Ахвотныя змаглі набыць кнігі з аўтографам аўтара.

Святлана КАЗЕКА