Бурак, В. На крок наперадзе : [гутарка з дырэктарам Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа В. В. Бураком] / Віктар Бурак ; гутарыла Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. —29 сакавіка. — С. 1, 5.
Кіраўнік, які ўсёй душой хварэе за агульную справу, для якога важныя не словы, а рэальныя справы. Менавіта такі Віктар Віктаравіч Бурака, дырэктар Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа.
У сферы адукацыі В.В.Бурака — невыпадковы чалавек. Настаўніцкі шлях ён выбраў свядома. Натхніўся прыкладам сваіх школьных педагогаў, пайшоў за марай і скончыў гістфак сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова. Маладым спецыялістам паехаў у Касцюковіцкі раён, каб працаваць на малой радзіме. Там прайшоў шлях ад сельскага настаўніка і дырэктара школы да начальніка раённага аддзела адукацыі. Потым працяглы час працаваў намеснікам начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, а пасля атрымаў прызначэнне на пасаду дырэктара электратэхнічнага каледжа.
— Гэтая падзея недзе стала для мяне лёсавызначальнай. Даволі хутка я літаральна прыкіпеў душой да навучальнай установы, якую ўзначальваў, яна стала мне па-сапраўднаму роднай, — паведаміў Віктар Віктаравіч.
На чале Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа В.В.Бурака ўжо больш як 11 гадоў. За гэты перыяд у навучальнай установе адбылося шмат станоўчых змяненняў. Дзякуючы пастаяннаму імкненню да прафесійнага ўдасканалення і неймавернай працаздольнасці, у Віктара Віктаравіча атрымалася згуртаваць калектыў, накіраваць падначаленых на выкананне самых складаных задач з атрыманнем максімальнага выніку.
— Упэўнены, што калі бярэшся за нейкую справу, трэба рабіць яе якасна і добрасумленна. На гэта арыентую і іншых. Наогул, мой стыль кіравання — прафесійнае супрацоўніцтва. Заўсёды імкнуся аб’яднаць калектыў у адзіную каманду, у якой кожны нацэлены на плённую працу, — адзначыў Віктар Віктаравіч.
Галоўнае, над чым сумесна працуе калектыў каледжа, — якасць адукацыі. А забеспячэнне якаснага вучэбна-выхаваўчага працэсу немагчыма без добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы.
— Сёння наша матэрыяльна-тэхнічная база адпавядае ўсім даведзеным патрабаванням. Каледж штогод абнаўляецца. Асабліва пільна ставімся да аснашчэння вучэбных кабінетаў, вытворчых майстэрань і лабараторый. Пастаянна ствараем новыя, пераабсталёўваем наяўныя з улікам сучасных тэхналогій. Своеасаблівым рыўком у развіцці каледжа стала адкрыццё рэсурснага цэнтра, дзе зараз праходзяць навучанне навучэнцы з усёй вобласці, — расказаў В.В.Бурака.
Па яго словах, каледж наогул знаходзіцца ў няспынным развіцці. З улікам патрабаванняў часу ўводзяцца новыя прафесіі, пастаянна абнаўляюцца вучэбныя праграмы традыцыйных спецыяльнасцей. Гэта дазваляе рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія запатрабаваны на рынку працы.
— Запатрабаванасць выпускнікоў — наша лепшая рэклама. Каледж вельмі папулярны сярод моладзі. Праблем з выкананнем планаў набору ў нас ніколі не ўзнікае. На асобныя спецыяльнасці нават ёсць конкурс, — заўважыў Віктар Віктаравіч.
Гэты неардынарны кіраўнік упэўнены: якаснае навучанне павінна безумоўна быць у прыярытэце, але не менш важнае — раскрыццё патэнцыялу моладзі, выхаванне кожнага навучэнца ўсебакова развітой асобай. Таму, акрамя атрымання грунтоўнай адукацыі, у электратэхнічным каледжы імкнуцца напоўніць жыццё маладога пакалення натхненнем, прагай да пазнання і творчасці.
— Асаблівы ўпор робім на патрыятычнае выхаванне моладзі. Ужо звыш 10 гадоў у нас дзейнічае пошукавы атрад, які ўваходзіць у склад вядомага гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “ВІККРУ”. Удзельнікі атрада ажыццявілі шэраг краязнаўчых пошукавых экспедыцый, дзякуючы якім атрымалася ўстанавіць каля 400 прозвішчаў чырвонаармейцаў. Зараз мы актыўна далучыліся да мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці, запланавалі шэраг праектаў. Сярод ужо рэалізаваных ініцыятыў у гэтым кірунку — удзел нашых педагогаў і навучэнцаў у стварэнні маштабнай галаграфічнай экспазіцыі ў абласным мастацкім музеі імя П.Масленікава, — расказаў В.В.Бурака.
З году ў год электратэхнічны каледж дэманструе лідарства ў рэгіёне па многіх напрамках. Мясцовыя навучэнцы атрымліваюць бліскучыя перамогі на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills, разнастайных творчых аглядах, інтэлектуальных канферэнцыях, прэстыжных спартыўных стартах. Каледж пастаянна ўваходзіць у лік прызёраў абласнога спаборніцтва на лепшую арганізацыю адукацыйнай дзейнасці сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. За забеспячэнне якасці падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў навучальная ўстанова ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі.
— Дасягненняў сапраўды шмат. І ўсе яны вызначаюцца самаадданай працай усяго педагагічнага калектыву. Напэўна, у гэтым і ёсць сакрэт нашага поспеху, — падкрэсліў Віктар Віктаравіч.
Дарэчы, у асабістай працоўнай скарбонцы В.В.Буракі таксама нямала ўзнагарод — ганаровых грамат і дыпломаў. Сёлета яго значная дзейнасць у сферы адукацыі была адзначана высокім званнем “Чалавек года Магілёўшчыны”. Але пра ўласныя поспехі Віктар Віктаравіч гаварыць не вельмі любіць. Ён проста ўпэўнена ідзе да пастаўленых мэт, імкнецца заўсёды быць на крок наперадзе, бо лічыць, што ў дасканаласці няма мяжы. Задум і планаў па развіцці каледжа ў дырэктара яшчэ многа. Над іх рэалізацыяй разам са сваім творчым, ініцыятыўным калектывам ён будзе плённа працаваць і далей.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.