Форум для моладзі

Сінькевіч, Г. Форум для моладзі / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. — 21 красавіка. — С. 13. 

Актуальный аспекты маладзёжнай палітыкі ў сучасных умовах абмеркавалі на абласным форуме-семінары ў Магілёве.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі каля 50 маладых людзей. Сярод іх — члены маладзёжнага савета абкама галіновага прафсаюза, старшыні гэтых саветаў у гарадскіх і раённых арганізацыях, лідары студэнцкіх прафсаюзаў, прафсаюзны актыў з усіх раёнаў вобласці. На форуме прысутнічалі таксама старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч і іншыя ганаровыя госці.

Падчас двухбаковага дыялогу прысутныя абмяркоўвалі тэмы, якія хвалююць прафсаюзную моладзь. Былі закрануты пытанні замацавання маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці, падтрымкі студэнцкіх ініцыятыў і навуковых распрацовак.

— Апошнім часам істотна ўзмоцнена роля моладзі ў адпаведнасці з патрабаваннямі дынамічных грамадскіх перамен. Сёння ў ліку сваіх асноўных задач мы бачым пошук аптымальнай мадэлі ўзаемаадносін з прафсаюзнай моладдзю, рэалізацыі яе патэнцыялу, у тым ліку праз усебаковую падтрымку, — паведаміла старшыня абкама галіновага прафсаюза Людміла Старасціна.

Значна, што ў рамках форуму адбылася прэзентацыя абласных праектаў у рамках рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі «Эстафета пакаленняў». Адна з ідэй заключаецца ў больш шырокім распаўсюджванні інстытута настаўніцтва і правядзенні адпаведных злётаў, дзе будзе трансліравацца вопыт і традыцыі ў рабоце з маладымі педагогамі. Ветэраны педагагічнай працы правядуць адукацыйныя праграмы, на якіх раскажуць аб патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, эфектыўнай сацыяльнай і асветніцкай рабоце з моладдзю, яе спецыфіцы. Адметны таксама конкурс матыватараў і відэаролікаў «Героі, якія жывуць побач». Маладыя педагогі і вучоныя падрыхтуюць відэаролікі з аповедамі аб сваім настаўніку, які натхніў іх на працу, дапамог у прафесійным станаўленні. Акрамя таго, плануецца правесці спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы «Эстафета пакаленняў. Толькі наперад!». Удзельнікамі стануць зборныя каманды саветаў ветэранаў і маладзёжных саветаў, для якіх зладзяць разнастайныя спартыўныя спаборніцтвы і інтэлектуальную віктарыну па гісторыі Беларусь Яшчэ будзе арганізаваны літаратурны конкурс сярод ветэранаў-настаўнікаў «Вопыт. Эстафета. Будучыня».

Як было адзначана, усе запланаваныя праекты будуць садзейнічаць аб’яднанню педагогаў розных узростаў, гатовых агульнымі намаганнямі актывізаваць работу з падрастаючым пакаленнем і ўдасканаліць дзейнасць ветэранскіх арганізацый.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.