Попыт на друкаванае слова

Зігуля, Н. Попыт на друкаванае слова / Нэлі Зігуля // Літаратура і мастацтва. — 2023. — 15 верасня. — С. 4.

Як супрацоўнікі «Белкнігі» на Магілёўшчыне папулярызуюць кнігу

На Магілёўшчыне кніжных крам ад вядомага сеткавіка «Белкніга» можна на пальцах пералічыць. У Магілёве адна і дзве ў Бабруйску. За амаль 5 гадоў існавання на кніжным рынку вобласці яны паспелі знайсці свайго спажыўца і набыць папулярнасць. Народ прываблівае, што тут можна купіць як навінкі беларускіх аўтараў, так і спадарожныя тавары канцылярскага прызначэння, сувенірную прадукцыю. 


Пакупнікі прыязджаюць нават з раёнаў 

Кнігарня на Пушкінскім праспекце ў Магілёве — месца папулярная. Гэта своеасаблівы аазіс для тутэйшых аматараў літаратуры. Адзіная дзяржаўная на сённяшні дзень у горадзе. Яе загадчыца Вольга Севярынцава перакананая, што сакрэт іх поспеху — калектыў, прафесійная зладжаная каманда. Акрамя яе — гэта яшчэ чатыры прадаўцы і адміністратар. Аб’ём работ не маленькі. Кніг і спадарожнага тавару не адна сотня найменняў. Але работа творчая, бо кніжны спажывец спецыфічны. З ім не засумуеш.

— Кніга па-ранейшаму ў прыярытэце? Што народ чытае? І хто чытае? 

— Апошні летні месяц і па сёння працуем пад знакам «Прывітанне, школа!». За падручнікамі, даведнікамі, школьнымі сшыткамі, метадычнай літаратурай аж чэргі. Вы б бачылі, што тут адбываецца пад канец рабочага дня. Да нас прыязджаюць з усяго горада і нават раённых цэнтраў. Таму нагрузка адчувальная. Калі ў звычайныя дні да 300 кліентаў абслугоўваем, то ў сувязі з пачаткам новага навучальнага сезона колькасць пакупнікоў узрасла ўдвая. У асноўным прыходзяць настаўнікі, школьнікі, бацькі з дзецьмі. З наведвальнікаў, якіх школьная праграма не цікавіць, больш, вядома, жанчын. Яны цікавяцца кнігамі пра любоў, псіхалогію. Маладыя людзі шукаюць літаратуру для праграмістаў, пытаюцца, ці ёсць кнігі з карыснымі парадамі для атлетаў. Пенсіянеры аддаюць перавагу гістарычным аповесцям, дэтэктывам, прычым часцей цікавяцца менавіта букіністычнай літаратурай.

— Дарэчы, букіністычны аддзел, які раней быў у Магілёве асобнай кнігарняй, застаўся дзякуючы «Белкнізе». Попыт на патрыманую літаратуру па-ранейшаму ёсць? 

— Так. Ёсць асобныя чытачы, якія акрамя букіністыкі ніякую іншую літаратуру не глядзяць. Кнігі там на любы густ і дастаткова хутка разыходзяцца. Прапануем таксама вінілавыя кружэлкі для радыёлы. І людзі бяруць.

— Чым наогул прывабліваеце чытача і наколькі разнастайны тавар? 

— У нас шырокі выбар кніжнай прадукцыі ў розных фарматах, як на рускай, так і на беларускай мовах, ад твораў пра старажытнасць і да нашага часу, прычым на любы густ. Не застойваецца на палічках сувенірная прадукцыя з нацыянальнай сімволікай, канцылярскія і іншыя тавары. Для зручнасці пакупніка ёсць невялічкая дзіцячая зона. Малым дзецям, вучням першых-другіх класаў наогул у нас падабаецца. Часам яны забягаюць у краму самастойна. Але часцей прыходзяць разам з бацькамі. Дарослыя цікавяцца, што можна набыць для дзіцяці. Усіх уражвае выбар. Шмат што раскупляецца, але мы аператыўна папаўняем запасы. Нядаўна ў нас пабывалі расіянкі, шмат беларускамоўнай дзіцячай літаратуры закупілі. Ім спадабалася афармленне, вялікая колькасць малюнкаў.

Многія шукаюць праз нас спецыяльную літаратуру. Напрыклад, Крычаўскі райвыканкам заказаў кнігі пра генацыд і Андрэя Мукавозчыка «Чаму вучыць дзяцей» і «Чаму вучыць дарослых». А «Горацкі элеватар» купіў у нас «Навуковыя асновы тэхналогій вырошчвання азімых збожжавых культур, рапсу і кукурузы».

— Акрамя таго, што вы рэалізоўваеце кнігу, вы яе і папулярызуеце. Якім чынам гэта адбываецца? 

— Бывае, што да нас прыходзяць мясцовыя літаратары. Напрыклад, вядомая дзіцячая пісьменніца Жанна Міус, якая знаёміла дзяцей са сваімі творамі. Было шмат малых. Яна нават купіла ў нас некалькі сваіх кніг, каб падарыць дзецям.

— Калі б вам прапанавалі скласці топ-10 найбольш запатрабаваных сёння кніг, якія б туды ўключылі? 

— Вельмі папулярная ў нас аўтарка, пра якую я ўжо казала, Жанна Міус, беларускія класікі — Васіль Быкаў, Змітрок Бядуля, Васіль Вітка, Алесь Пісьмянкоў, Рыгор Барадулін. На «ўра» ідуць кнігі з серыі «Я ганаруся». У прыярытэце практычна ўсе дзіцячыя энцыклапедыі, у тым ліку на юрыдычна-прававую тэматыку. Напрыклад, тая ж кніга «Дзецям пра Канстытуцыю». Запатрабаваныя кнігі пра генацыд — вельмі хутка разыходзяцца. Ёсць попыт на пісьменнікаў-землякоў. Тую ж Наталлю Батракову.

— Як узаемадзейнічаеце са сваімі калегамі з іншых рэгіёнаў? 

— У асноўным падтрымліваем сувязь з нашым галаўным офісам у Мінску. Штотыдзень у нас новыя паступленні. Шмат тавару наўпрост ад выдавецтваў. У нас шмат партнёраў, у тым ліку такія вядомыя, як «Харвест», «Эксма-Прэс», «Росмэн» і іншыя, якіх не адзін дзесятак.

Бабруйск — горад чытаючы 

Па меркаванні аўтараў нятленнага «Залатога цяляці» — Ільфа і Пятрова, Бабруйск — горад высокакультурны. А значыць, і чытаючы. Вакол цэнтральнай плошчы Леніна там сканцэнтравана аж пяць кніжных крам. Прычым дзве з іх ад «Белкнігі».

«Светач» пераехаў на новае месца зусім нядаўна — усяго чатыры месяцы таму. Раней крама базіравалася ў мікрараёне Кісялевічы, былым ваенным гарадку. Але на новым месцы таксама ўжо ёсць пастаянныя кліенты. У прыватнасці, падабаецца, што ёсць магчымасць купіць упадабаную кнігу са зніжкай. Тут заўсёды праводзяцца акцыі для розных катэгорый насельніцтва — шматдзетных сем’яў, пенсіянераў, маюцца зніжкі для імяніннікаў, маладзёнаў. Да знамянальных дат і падзей робіцца выкладка адмысловай кніжнай прадукцыі. Вялікім попытам карыстаюцца сувеніры з бабруйскай тэматыкай.

Тэма малой радзімы вельмі важная і для чытачоў яшчэ адной тутэйшай крамы ад «Белкнігі» — «Твая кнігарня». Па словах загадчыцы Юліі Іваненкі, часта пытаюць кнігі бабруйскіх аўтараў.

— Звяртаем на гэта ўвагу і нашых пастаўшчыкоў, — адзначае Юлія Уладзіміраўна. — На сёння разабралі нават паштоўкі з відамі Бабруйска. Сур’ёзна ставімся да кожнага пакупніка.

Бывае, што ў продажы чагосьці няма, гэта адразу ж бяруць на заметку і спяшаюцца ліквідаваць прабел. Наведвальнікам падабаецца гэта ветлівасць і яны вяртаюцца зноў.

— Мы ўлічваем усё, што можа прыцягнуць чытача, — кажа Юлія Іваненка. — Непадалёк — мастацкая школа, забяспечваем іх выкладчыкаў і выхаванцаў неабходнымі прыладамі. Прапануем усё, што трэба для агульнаадукацыйных школ, а таксама спецыялізаваных — напрыклад, для будучых вадзіцеляў.

Кнігарняю не абыходзяць і мясцовыя пісьменнікі. Аўтар «Буквара» для дашкольнікаў Уладзімір Лявонцеў нават рабіў заказ сваіх кніг праз краму і даваў адрас вучням, якія іх хацелі набыць. Заходзіла маладая бабруйская мастачка і пісьменніца Яніна Пінчук, якая піша ў жанры магічны рэалізм. Бабруйчан цікавіць таксама беларуская класіка. Вельмі добра разыходзяцца кнігі Уладзіміра Караткевіча, заўсёды, як той казаў, у трэндзе кнігі Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Загадчыца крамы звяртае ўвагу таксама на тое, што пакупнікоў стала болей пасля таго, як яны размясцілі на рэкламным штэндары інфармацыю, што акрамя кніг можна купіць шмат розных іншых карысных тавараў. Тую ж сувенірку з бабруйскімі брэндамі. Па яе сюды рэгулярна прыходзяць госці Бабруйска, у тым ліку замежныя.

Усе гэтыя фішкі бабруйскіх кнігарань вельмі падабаюцца спажыўцам і працуюць на карысць прадпрыемства «Белкніга».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара