Далучыліся да эстафеты дабра

Зігуля, Н. Далучыліся да эстафеты дабра / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 3 лістапада. — С. 2.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, актывісткі грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Наталля ТАРАСЕНКА і Людміла ЗДОРЫКАВА не ўпершыню ўдзельнічаюць у добрых справах спартсмена-паралімпійца, заснавальніка Дабрачыннага фонду Аляксея Талая. Першы раз яны перадалі фонду дзіцячае харчаванне для дзяцей з Данбаса. Цяпер арганізавалі збор усяго неабходнага для Марыу- пальскага радзільнага дома, які сёння мае вострую патрэбу ў харчаванні, прадметах догляду і адзенні для нованароджаных.

— Каманда Аляксея ўжо шмат гадоў аказвае дапамогу дзецям і маладым інвалідам у Беларусі ў лячэнні і рэабілітацыі, — расказвае Наталля Тарасенка. — З моманту пачатку СВА межы дапамогі пашырыліся да гарадоў і пасёлкаў Данбаса. Калі Аляксей расказваў пра тое, як жывуць гэтыя людзі, сэрца сціскалася ад жалю да народа, на лёс якога выпала столькі пакут. Неабыякавыя беларусы збіралі самае патрэбнае і жыццёва важнае для старых, жанчын, дзяцей, якія засталіся без даху над галавой. Да нас змаглі прыехаць адпачыць і падлячыцца дзеткі з Данецкай і Луганскай абласцей. На апошняй сустрэчы з Аляксеем і нарадзілася ідэя аб маштабнай дабрачыннай акцыі, якая ў хуткім часе была абвешчана — інфармацыйна-дабрачынны праект «Эстафета дабра». Мы сталі яго ініцыятарамі ў сваіх выбарчых акругах на магілёўскай зямлі.

Да акцыі далучыліся ўстановы адукацыі і культуры, працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі сілавога блока, неабыякавыя грамадзяне. На адрас Магілёўскага аддзялення фонду Талая практычна штодзень прыходзілі пасылкі з пялёнкамі, адзеннем для нованароджаных, сухімі малочнымі сумесямі для немаўлят, падгузкамі, вільготнымі сурвэткамі і іншымі рэчамі. Груз атрымаўся агульнай вагой больш чым тону. Спатрэбілася два рэйсы, каб перавезці яго ў Мінск. Менавіта адтуль аўтацягнік накіруецца ў Данецкую вобласць.

— Мы вельмі ганарымся нашай кра і най і людзьмі, — кажуць народныя абранніцы. — У нас хапае неабыякавых грамадзян, якія гатовы прыйсці на дапамогу. І сяброў у магілёўскага аддзялення Дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая, якім кіруе Віталь Бярозка, вельмі шмат. Непасрэдны ўдзел у зборы дапамогі прынялі прадстаўнікі Магілёўскага гарадскога шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю «Юнацтва». Яго кіраўнік Вольга Прыгодзіч нават накіравала асабісты падарунак і ліст сябрам з Данецкай вобласці. Непасрэдны ўдзел у рэалізацыі добрай справы прыняў каардынатар пошукавага атрада «Луч» Сяргей Тышкавец. А дапамогу ў пагрузцы грузу аказаў маладзёжны актыў пры Магілёўскім гарвыканкаме. Вялікі дзякуй усім, хто не застаўся ўбаку.