Нараджэнне дзяцей вітаецца

Зігуля, Н. Нараджэнне дзяцей вітаецца / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 3 студзеня. — С. 3. 

У Магілёве губернатар вобласці Анатоль Ісачанка сустрэўся з моладдзю ў фармаце «Адкрыты дыялог»

Традыцыйная пераднавагодняя сустрэча на гэты раз адбылася ў экспазіцыйных залах абласнога мастацкага музея імя П. Масленікава. На яе прыехала болей чым 40 маладых спецыялістаў з розных раёнаў вобласці. У цудоўнай атмасферы сярод твораў мастацтва моладзь мела магчымасць пагутарыць з кіраўніком абласной вертыкалі.


У фае працавала выстава, дзе маладыя журналісты дэманстравалі свае дасягненні ў прафесійнай дзейнасці. Вядучыя тэлерадыёкампаніі «Беларусь 4» Магілёў» Віталіна Петрусевіч і Ганна Пятрова-Кумінская сталі пераможцамі нядаўняга конкурсу маладых журналістаў «Прэс-код», які быў арганізаваны Міністэрствам інфармацыі сумесна з БРСМ і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Праект Віталіны «Усё па справе» выклікаў у жыры вялікую цікавасць. У дзяўчыны атрымліваецца сцісла і па сутнасці прааналізаваць тое, што адбываецца на працягу тыдня ў рэгіёне і падаць гэта ў кантэксце падзей у Беларусі і за яе межамі. А турыстычны праект «Паехалі!» Ганны прымушае жыхароў вобласці адарвацца ад канапы і ехаць у глыбінку па эмоцыі. Дзяўчына прызнаецца, што раней і не здагадвалася наколькі цікавымі могуць быць падарожжы па родных мясцінах. Наогул моладзь Магілёўшчыны вельмі прагрэсіўная і таленавітая. Пра гэта не раз казаў губернатар падчас сустрэчы. Размова атрымалася вельмі цёплая і канструктыўная. Напярэдадні яе ў сацсетках была запушчана анлайн-прыёмная і кожны жадаючы мог пакінуць сваё пытанне. У прысутных была добрая магчымасць зрабіць гэта на месцы. Пытанні паступалі самыя што ні на ёсць розныя. Пацікавіліся, напрыклад, што для маладога чалавека павінна быць больш важным — сям’я ці кар’ера? Анатоль Ісачанка адказаў, што гэтыя дзве важныя справы можна вельмі добра спалучаць. Такія прыклады можна было ўбачыць у відэароліку, які перад пачаткам размовы паказалі маладым спецыялістам. «Калі два чалавекі кахаюць адзін аднаго, нічога не перашкаджае ім развівацца прафесійна, — падкрэсліў Анатоль Ісачанка.—У нашай дзяржаве створаны ўсе ўмовы для маладых — і матэрыяльная падтрымка, і жыллё, іншыя сацыяльныя даброты». Дзеці вітаюцца. Вунь на днях у Магілёве запрацаваў новы дзіцячы садок. Там усе ўмовы для развіцця дзетак. Так што іх бацькам нічога не перашкаджае займацца самаадукацыяй. Сёння шмат розных магчымасцяў рэалізаваць сябе. Галоўнае жаданне. «Усё гэта павінна быць разам — і сям’я, і кар’ера, — падкрэсліў Анатоль Ісачанка. — Цяжкасці толькі загартоўваюць.

Малады ўрач-тэрапеўт гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі пацікавіўся, якія прафесіі будуць запатрабаваныя праз пяць-дзесяць гадоў.
Анатоль Ісачанка заўважыў, што прафесія ўрача дакладна будзе заўсёды актуальная. Як і настаўніка, аграрніка, іншых спецыялістаў. «Адзінае, што спатрэбіцца, гэта больш глыбокае веданне сваёй справы, — падкрэсліў ён. — Калісьці слесар працаваў больш рукамі, потым з’явіліся станкі з праграмным забеспячэннем, сёння часцей ідзе гаворка пра робатаў. Натуральна, тут спатрэбіцца веданне праграмнага прадукту, уменне кіраваць разумнай тэхнікай. Гэта ўжо іншы ўзровень ведаў».
Маладыя спецыялісты спыталіся: «Якія цікавыя праекты рэалізуюцца ў Магілёўскай вобласці?»

— Усяго запланавана праектаў на суму прыкладна мільярд трыста мільёнаў рублёў, — паведаміў губернатар. — Яны распрацаваныя ў рамках даручэння кіраўніка дзяржавы «адзін раён—адзін праект». Праекты самыя розныя і рэалізоўвацца будуць у самых разнастайных галінах. Гэта і вытворчасць, і перапрацоўка, і сацыяльныя аб’екты. Вялікая ўвага будзе надавацца дарожнай гаспадарцы, дваравым тэрыторыям, дзіцячым і спартыўным пляцоўкам. Новае аблічча з’явіцца ў пешаходнай вуліцы Ленінскай у Магілёве, яна стане больш зручнай і камфорнай. Змены адбудуцца і ў паркавай зоне ў Падміколлі. Ідзе праектаванне шматфункцыянальнага комплексу з лядовай пляцоўкай, шорт-трэкам. У Магілёве распачата будаўніцтва новай аўтамагістралі, якая стане добрай аўтамабільнай развязкай для абласнога цэнтра. Ёсць задумка рэалізаваць цікавы праект на плошчы Славы ў Магілёве, прысвяціць яго асобе апошняга расійскага імператара Мікалая II. У спалучэнні з абноўленай пешаходнай вуліцай атрымаецца цікавы турыстычны аб’ект. У Буйнічах ідзе будаўніцтва музея Славы Магілёўшчыны. У Бабруйску запланавана глабальная рэканструкцыя гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі імя Марзона, ідзе праектаванне новага Дома культуры.

Маладых спецыялістаў цікавіла забяспечанасць вобласці кадрамі і ў якой галіне іх асабліва не хапае. Губернатар паведаміў, што патрэба ў кадрах заўсёды існавала і будзе існаваць.

— Прынялі рашэнне кожны месяц разглядаць па галінах кадравыя пытанні, — заўважыў ён. — Нам вельмі патрэбны кампетэнтныя, талковыя спецыялісты.

Удзельнікаў сустрэчы цікавіла, з якімі цяжкасцямі сутыкаўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама, калі маладым спецыялістам прыйшоў працаваць па размеркаванні ў калгас «Савецкая Беларусь», ці цяжка быць губернатарам, іншыя пытанні.

Сярод тых, хто прысутнічаў на сустрэчы, інжынер-тэхнолаг папяровай фабрыкі «Спартак» Кацярына Кучынская. Дзяўчына скончыла Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт і са жніўня працуе ў Шклове. Лічыць, што ёй пашчасціла. Яна родам з Брэсцкай вобласці, але Магілёўшчына ёй таксама падабаецца. У вольны час займаецца рукадзеллем, вяжа цацкі. Нядаўна захапілася фігурным катаннем — у Шклове ёсць лядовая арэна. Усміхаецца, што часу сумаваць у яе няма. У губернатара яна спыталася, на што больш будзе рабіцца акцэнт ў наступаючым Годзе якасці.

— Цудоўна, што ў нас ў вобласці адбываюцца такія сустрэчы з моладдзю, — падсумаваў вынікі бяседы Анатоль Ісачанка. — З маладымі спецыялістамі сустракаюцца і кіраўнікі тых раёнаў, куды яны прыехалі працаваць. Моладзь — гэта падмурак нашай дзяржавы. І ад таго, як яны будуць адносіцца да сваёй малой радзімы, у цэлым да краіны, залежыць наш сённяшні і заўтрашні дзень. Мы павінны самі клапаціцца пра сваю краіну, ніхто нам нічога проста так нічога не дасць. Трыццаць гадоў таму пра тыя магчымасці, якія сёння ёсць у моладзі, прыходзілася толькі марыць. Ёсць і пытанні, і праблемы, а дзе іх няма? І мы іх вырашаем. Добрасумленная праца на карысць радзімы і ёсць той унёсак, які можа зрабіць моладзь.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара