Сінькевіч, Г. Трывалыя веды / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 16 студзеня. — С. 6.
Звыш 1000 навучэнцаў аб’яднаў на Магілёўшчыне трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах
Удзельнікамі абласных алімпіяд па фізіцы і астраноміі сталі больш за 100 адораных вучняў. Задачы былі не з лёгкіх, але інтэлектуалы паказалі добрыя вынікі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Пераможца алімпіяды па фізіцы сярод адзінаццацікласнікаў вучаніца Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Аліна Палонская разам са сваім педагогам народным настаўнікам Беларусі Валерыем Васільевічам Барашковым
— Тэматыка заданняў не выходзіла за межы школьнай праграмы. Дзеці рашалі задачы, звязаныя з механікай, электрычнасцю, оптыкай, тэрмадынамікай. Аднак, каб знайсці правільнае рашэнне, толькі базавых ведаў было недастаткова. Усё таму, што структура задач нестандартная: простыя на першы погляд, яны даволі глыбокія па змесце. А гэта патрабавала ад навучэнцаў дадатковых ведаў, прычым не толькі па фізіцы, але і па матэматыцы. Удзельнікі алімпіяды паказалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі. У абсалютных лідарах сярод адзінаццацікласнікаў сёлета апынулася дзяўчына, — расказаў старшыня журы алімпіяды па фізіцы, дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат фізіка-матэматычных навук Леанід Старавойтаў.
Як адзначылі навучэнцы Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Назар Малашонак і Аліна Палонская, рашаць заданні было цікава.
— Фізікай захапляемся даўно і ў алімпіядным руху не пачаткоўцы, ужо ёсць і перамогі. Сёлетняя алімпіяда была не вельмі цяжкай, пры дбайнай падрыхтоўцы заданні цалкам рашальныя, трэба было толькі сканцэнтравацца і разабрацца ў сутнасці. Спадабалася, што задачы можна было рашаць рознымі метадамі. Не банальна прымяніць законы і формулы, а паразважаць, прадэманстраваць веды па іншых прадметах, — падзяліліся меркаваннем ліцэісты.
Не менш цікавыя заданні чакалі ўдзельнікаў абласной алімпіяды па астраноміі. Навучэнцам прапаноўвалася праявіць сябе ва ўсіх раздзелах школьнага курса. Падлеткі давалі характарыстыкі зоркам і сузор’ям, разважалі пра будову Сусвету, працавалі са сляпой картай зорнага неба.
— Па сваёй складанасці заданні не ўступалі рэспубліканскаму ўзроўню. Але ўдзельнікі бліскуча паказалі сябе. Шмат вучняў набралі больш за 80% ад магчымых балаў. Прычым некаторыя з іх вучацца ў 10 класе і спасцігаюць астраномію па ўласным жаданні. Іх цікавасць да гэтай навукі — заслуга педагогаў, — адзначыла старшыня журы алімпіяды па астраноміі настаўніца фізікі і астраноміі сярэдняй школы № 21 Бабруйска Святлана Крычко.
Па словах араганізатараў, асобныя педагогі рэгіёна рыхтуюць да алімпіяд цэлыя каманды. Якраз з такой каманды навучэнец Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта імя Л.Я.Маневіча Кірыл Вусаў.
— Некалькі гадоў назад мяне моцна захапіў астраноміяй настаўнік Аляксандр Георгіевіч Сугакевіч. Акрамя работы з педагогам, шмат займаюся вывучэннем астраноміі самастойна. Напэўна, гэта і дапамагае: мне ўжо скарыліся вышыні як рэспубліканскай, так міжнароднай алімпіяды, — паведаміў Кірыл.
Па выніках абласных алімпіяд па фізіцы і астраноміі ўзнагародамі адзначаны 44 навучэнцы. Уладальнікамі дыпломаў І ступені па фізіцы сталі навучэнец сярэдняй школы № 1 Магілёва Максім Талкачоў, вучаніца Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Лізавета Варанцова, навучэнцы Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Дзмітрый Гаранін, Марк Гаўрусеў і Аліна Палонская, а таксама вучань Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Расціслаў Варановіч. А ў веданні астраноміі не было роўных навучэнцам Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта імя Л.Я.Маневіча Ганне Болатавай і Кірылу Вусаву.
Усяго прызёрамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах на Магілёўшчыне сталі звыш 450 адораных вучняў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена МДАЛ № 1