Сінькевіч, Г. Унікальныя спецыялісты / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 26 сакавіка. — С. 6.
Сёлета ў Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій пачнуць рыхтаваць інжынераў-тэхнолагаў з веданнем нутрыцыялогіі. Пра гэта і не толькі абітурыенты даведаліся, наведаўшы УВА ў адзіны дзень адкрытых дзвярэй.
У БДУТ з’ехаліся дзясяткі школьнікаў з розных рэгіёнаў. Для маладых людзей была арганізавана шырокая прафарыентацыйная праграма. Моладзь змагла падрабязна азнаёміцца з гісторыяй, адукацыйнай і навуковай дзейнасцю ўніверсітэта, перспектывамі працаўладкавання.
— Сёння ўніверсітэт — адзіная профільная УВА, дзе вядзецца падрыхтоўка поўнага спектра спецыялістаў для харчовай, перапрацоўчай і хімічнай прамысловасці, грамадскага харчавання. Установа адукацыі ажыццяўляе навучанне па 14 спецыяльнасцях з разнастайнымі прафілізацыямі. У нас можна атрымаць якасную інжынерную адукацыю і стаць запатрабаваным прафесіяналам у сваёй галіне. У краіне практычна няма харчовага ці хімічнага прадпрыемства, дзе б ні працавалі нашы выпускнікі, — адзначыў рэктар БДУТ Максім Кіркор.
Падчас канструктыўнага дыялогу абітурыенты даведаліся пра ўмовы навучання, правілы прыёму, пералік спецыяльнасцей. Дарэчы, яны ва ўніверсітэце рэгулярна абнаўляюцца з улікам запытаў эканомікі. Сёлета тут пачнуць рыхтаваць інжынераў-тэхнолагаў з веданнем нутрыцыялогіі. Прафілізацыя «Харчовая біятэхналогія і нутрыцыялогія» з’явіцца на тэхналагічным факультэце. Для паступлення спатрэбяцца сертыфікаты ЦЭ ці ЦТ па хіміі, матэматыцы, беларускай або рускай мове.
Адметнасць падрыхтоўкі кадраў у БДУТ — плённае ўзаемадзеянне з іх заказчыкамі. Зараз філіялы кафедр універсітэта функцыянуюць на 19 прамысловых прадпрыемствах. Для правядзення выязных вучэбных заняткаў і розных відаў практык заключаны адпаведныя дагаворы з больш чым 600 вытворчасцямі.
Прадстаўнікі шэрага заводаў і фабрык таксама прыехалі пагаварыць з абітурыентамі. Моладзі прэзентавалі выставу. прадукцыі, расказалі пра асаблівасці працы, сацыяльныя гарантыі, магчымасці для прафесійнага росту.
— Наша прадпрыемства пастаянна развіваецца, укараняюцца інавацыі, мадэрнізуецца вытворчасць. Мы зацікаўлены ў высокакваліфікаваных маладых спецыялістах, таму цесна супрацоўнічаем з універсітэтам, актыўна прымаем студэнтаў на практыку. Заўсёды адгукаемся і на запрашэнні прыняць удзел у прафарыентацыйных мерапрыемствах. Гэта дапамагае абітурыентам наглядна азнаёміцца з асновамі будучай працы і ўжо дакладна вызначыцца з прафесіяй. Нярэдка на такіх сустрэчах заключаем дагаворы на мэтавае навучанне, — расказаў інжынер-тэхнолаг Слуцкага мясакамбіната Віктар Разнічэнка.
БДУТ — гэта яшчэ і буйны навуковы цэнтр. Фундаментальный даследаванні, якія вядуцца ва ўніверсітэце, уваходзяць у лік найважнейшых работ Нацыянальнай акадэміі навук. Гэты напрамак абітурыентам прадэманстравалі на захапляльных экскурсіях па навуковых лабараторыях. Напрыклад, на кафедры хімічнай тэхналогіі высокамалекулярных злучэнняў моладзі паказалі азотнае і вогненнае шоу.
— Я ўжо вызначыўся з прафесіяй і нават заключыў мэтавы дагавор на навучанне. На дзень адкрытых дзвярэй прыйшоў, каб бліжэй пазнаёміцца з універсітэтам. Усё спадабалася, ужо хачу хутчэй стаць студэнтам, — падзяліўся магіляўчанін Андрэй Красікаў.
А вось Валерыя Манчынская прыехала ў БДУТ з Полацка. Дзяўчына таксама мэтанакіравана выбрала для працягу адукацыі гэтую навучальную ўстанову:
— Тут некалі вучылася мая матуля. Яна паспяхова працуе па сваёй прафесіі. Прыклад мамы і стаў для мяне вызначапьным. Планую вучыцца на хіміка-тэхналагічным факультэце па спецыяльнасці ‘Тэхналогія прадукцыі і арганізацыі грамадскага харчавання». Дзень адкрытых дзвярэй дазволіў акунуцца ў атмасферу ўніверсітэта, атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні. Цяпер выразна ведаю: паступаць буду менавіта сюды.
Патэнцыяльныя абітурыенты на ведал і таксама вучэбныя карпусы і інтэрнат універсітэта, пераканаліся, што студэнты БДУТ жывуць цікава. Моладзь тут развівае спартыўныя і творчыя здольнасці, знаходзіць падтрымку сваіх ідэй і ініцыятыў.
Прафарыентацыі моладзі ў БДУТ удзяляюць павышаную ўвагу. Педагогі ўніверсітэта рэгулярна выязджаюць з прэзентацыямі ў розныя гарады і раёны.
— Дзякуючы такому падыходу, да нас прыходзяць свядомыя і матываваныя абітурыенты, — падкрэсліў начальнік аддзела прафарыентацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДУТ Юрый Грабянцоў.
Гайна СІНЬКЕВіЧ.