Ігар Карпенка: «Гэта той патэнцыял, на якім трымаецца выбарчая сістэма»

Зігуля, Н. Ігар Карпенка: «Гэта той патэнцыял, на якім трымаецца выбарчая сістэма» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 29 чэрвеня. — С. 5.

У Магілёве ўшанавалі людзей, якія ўнеслі ўклад у правядзенне выбараў

25 лютага ўпершыню ў Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання. Падрыхтоўку да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў на Магілёўшчыне забяспечвала 175 тэрытарыяльных, 13 акруговых, 693 участковых выбарчых камісій, у склад якіх увайшлі парадку 8,5 тысяч чалавек. Старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка выказаў у Магілёве словы ўдзячнасці ў іх адрас і ўзнагародзіў актывістаў. Ім былі ўручаны Ганаровыя граматы і Падзякі.


Сярод узнагароджаных старшыня Крычаўскага райсавета дэпутатаў Ірына Пруднікава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алеся Купцова, старшыня Бялыніцкага райсавета дэпутатаў Ірына Фурсава, сёння пенсіянер, а раней доўгія гады старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Валерый Берастаў і іншыя.

— Электаральная кампанія робіцца рукамі многіх тысяч актыўных людзей, — адзначыў у сваёй прамове Ігар Карпенка. — У агульнасці ў адзіны дзень галасавання сёлета было задзейнічаная па краіне болей за 66 тысяч чалавек толькі ў рабоце тэрытарыяльных, участковых, акруговых камісій. Гэта той патэнцыял, на якім трымаецца выбарчая сістэма. Трэба таксама разумець, што выбарчыя кампаніі мы праводзім ў першую чаргу для сябе,каб забяспечыць свае нацыянальныя інтарэсы і бяспеку краіны. Таму важна падзякаваць тым людзям, якія забяспечвалі электаральную кампанію.

Старшыня ЦВК падкрэсліў, што сёння вельмі важна не толькі прааналізаваць практыку прымянення таго ці іншага выбарчага заканадаўства, але і вызначаць гатоўнасць усіх суб’ектаў выбарчага працэсу да наступных выбараў Прэзідэнта, якія адбудуцца ў наступным годзе. Неабходна і далей працягваць сістэмную работу з людзьмі, працоўнымі калектывамі, вучэбнымі ўстановамі.
— Сённяшняя сустрэча на магілёўскай зямлі не выпадковая, мы праводзім яе ў разрэзе ўсіх рэгіёнаў, — паведаміў Ігар Карпенка. — Мы і далей будзем абапірацца на той актыў, які працуе ў якасці членаў камісій, назіральнікаў, каманд, якія падтрымліваюць тых ці іншых кандыдатаў, збіраюць подпісы і гэтак далей. Усе органы ўлады падключыліся да гэтай работы, шмат прайшло рэгіянальных сустрэч. Гэта сведчыць, што наша выбарчая сістэма якасная і перш за ўсё гэта ацэньвае народ.

Ігар Карпенка звярнуў увагу яшчэ на адну важную падзею, якая чакае нас наперадзе.

— Восенню да нас прыходзіць старшынства ў кансультатыўным Савеце выбарчых органаў краін СНД, — удакладніў ён. — Мы будзем праводзіць вялікае маштабнае мерапрыемства пад назвай Міжнародны электаральны форум, у рамках якога адбудзецца пасяджэнне кансультатыўнага Савета, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная тэорыі і практыцы выбарчага працэсу, з удзелам замежных гасцей, дзе будуць і панельныя дыскусіі, і работа секцый, і пленарнае пасяджэнне. Падключыўся і Маладзёжны савет пры ЦВК, плануем правесці шэраг маладзёжных мерапрыемстваў у рамках форума і фактычна мы даем старт дыялогавым пляцоўкам, розным сустрэчам, семінарам, нарадам, якія дазволяць нам кансалідаваць той актыў, які задзейнічаны ў арганізацыі правядзення выбараў. У адрозненне ад некаторых іншых краін гэты актыў у нас працуе практычна на грамадскіх пачатках.

Урачыстае мерапрыемства па ўзнагароджванні за выбарчую кампанію прайшло з удзелам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі, памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектара па Магілёўскай вобласці Леаніда Мартынюка.
— Я ўдзячны ўсім, хто ў рэгіёне дапамагаў ажыццяўляць гэты важны выбарчы працэс, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Работа праводзілася ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, кожны выконваў тыя функцыі, якія былі на яго ўскладзены. Сама абстаноўка, якая была ў рэгіёне сведчыць, што мы працавалі зладжана і спакойна. Людзі вельмі адказна падышлі да сваёй задачы, яны — сапраўдныя прафесіяналы. Іх аб’ядноўвае высокае пачуццё патрыятызму і любоў да малой радзімы. Наперадзе новая электаральная кампанія і абапірацца мы будзем у першую чаргу на тых жа самых людзей, якія працавалі і добра ведаюць сваю работу. Не сумняваюся, што наступная кампанія пройдзе таксама на вышэйшым арганізацыйным узроўні ў спакойнай абстаноўцы ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара