За мірнае неба і квітнеючыю Беларусь

Зігуля, Н. За мірнае неба і квітнеючыю Беларусь / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 22 студзеня. — С. 6.

Моладзь Магілёўшчыны ведае, за што яна галасуе

У першы дзень датэрміновых выбараў у фае Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ), дзе размясціўся ўчастак для галасавання № 1 Ленінскага раёна Магілёва, ужо з раніцы панавала ўрачыстая атмасфера. У спісах тых, хто галасуе, на гэтым участку 1668 выбаршчыкаў, 13 з іх — упершыню.

За 10 хвілін да пачатку галасавання дэманструецца, што празрыстая скрыня для датэрміновага галасавання пустая, і апячатваецца членамі ўчастковай камісіі пад кантролем назіральнікаў. У 12.00 першы выбаршчык бярэ бюлетэнь. Ім стала студэнтка першага курса МДУ імя А. Куляшова Дар’я Ніжагародава. Для яе гэтая важная падзея адбылася ўпершыню.

На твары Дар’і — пачуцці лёгкага хвалявання, гонару, задавальнення. Выбар — гэта вельмі адказна. Дзяўчына прымае віншаванні і падарункі. Ёй уручаюць брашуру з сімваламі суверэннай Беларусі, значок і футболку ад БРСМ з красамоўным надпісам «Мой голас — першы!».

— Сёння адбыўся вельмі важны момант у маім жыцці, — голас дзяўчыны крыху дрыжыць, на шчоках — лёгкі румянец. — Я прагаласавала за стабільнасць, суверэннасць, за квітнеючую Беларусь.

Сярод тых, хто галасаваў упершыню, — студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій (БДУТ) Андрэй Шэндрыкаў. Ён лічыць, што ўдзел у выбарах — гэта вельмі важна і адказна.

— Прыйсці і прагаласаваць — мой грамадзянскі доўг, — паведаміў Андрэй. — Хочацца, каб наша краіна была моцнай і незалежнай.

Паліна Калтунова — таксама студэнтка БДУТ, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, член БРСМ.

— Для мяне вельмі хвалююча ўдзельнічаць у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — прызналася дзяўчына. — Гэта падзея заўсёды была асаблівай у нашай сям’і. Раней я хадзіла на выбары з маці, назірала, як усё адбываецца. Здавалася, што нічога складанага няма. А вось зараз трэба будзе рабіць выбар самастойна, і гэта вельмі адказна. Галоўнае, каб мірнае неба было над галавой заўсёды.

У дзень пачатку датэрміновых выбараў падтрымаць тых, хто галасуе ўпершыню, прыехала ў Магілёў заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь у перыяд з 1996 да 2021 года Лідзія Ярмошына. На сустрэчу з ёй у БРУ прыйшлі 300 прадстаўнікоў навучэнскай моладзі.

— Самае галоўнае — данесці да маладых людзей, якія ўпершыню ідуць галасаваць, як важна не памыліцца з выбарам, — адзначыла Лідзія Мікалаеўна ў размове з журналістамі. — А каб выбар быў усвядомлены і адказны, трэба разумець, хто такі Прэзідэнт, якая яго роля і як многа залежыць ад выбаршчыкаў. Што датычыцца працэдуры галасавання, то яна простая і не патрабуе асаблівых навыкаў. Моладзі трэба нагадаць пра тое, каб яна не паўтарыла памылак 2020 года, каб не гналася за лжывымі палітычнымі каштоўнасцямі і ідэаламі.

Размова Лідзіі Ярмошынай з моладдзю працягвалася паўтары гадзіны. Спікер нагадала важную ісціну: нельга чагосьці патрабаваць ад краіны, калі сам нічога для яе не зрабіў. Выбары — якраз той самы шанц падтрымаць радзіму.

— Мы можам доўга разважаць пра тое, што такое патрыятызм, — адзначыла спікер. — Але сэнс адзін — гэта калектыўная адказнасць за краіну. Галоўнае права чалавека — права на бяспечнае жыццё. Давайце берагчы тое, што ёсць.

Нэлі ЗІГУЛЯ.