Прыватнік замяшчае імпарт

Зігуля, Н. Прыватнік замяшчае імпарт / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 20 лютага. — С. 7.

Зарабляе сам і садзейнічае развіццю рэгіена

Прадпрымальнікі інвестуюць у эканоміку, адкрываюць новыя працоўныя месцы, укараняюць сучасныя тэхналогіі. Дзяржава зацікаўленая ў тым, каб іх стваральная дзейнасць пашыралася і павялічвалася. Пра гэта казаў Прэзідэнт краіны на сустрэчы з прадстаўнікамі бізнесу з нагоды стымулявання развіцця прадпрымальніцкага сектара эканомікі. Вельмі важна ствараць спрыяльнае дзелавое асяроддзе, але трэба, каб і бізнес быў празрыстым, прыносіў карысць краіне, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

ПАЛОВА НОВАЙ ПРАДУКЦЫІ — НА ЭКСПАРТ

Сучасныя сем’і з малымі дзецьмі не абыходзяцца без такіх сродкаў гігіены, як падгузкі. Тым не менш яшчэ 13 гадоў таму ў Беларусі такая прадукцыя была выключна замежнага паходжання. Сітуацыя змянілася дзякуючы рэзідэнту СЭЗ «Магілёў» беларуска-турэцкай кампаніі «БелЭмса».

Вытворчыя магутнасці прадпрыемства дазваляюць выпускаць на працягу месяца 25 мільёнаў падгузкаў для дарослых і 10 мільёнаў-для дзяцей, 20 мільёнаў дзіцячых 1 падгузкаў-трусікаў і тры мільёны вільготных сурвэтак. За апошнія дзевяць гадоў тут запушчана тры аўтаматызаваныя лініі па выпуску названай прадукцыі розных тыпаў і памераў, рэалізаваныя новыя праекты.

У цэхахпрадпрыемства чыста і цёпла, усё аўтаматызавана і камп’ютарызавана. Персанал адзеты ва ўніформу, задзейнічаны ў сарціроўцы прадукцыі і яе ўпакоўцы.

— Абсталяванне ў нас адно з найноўшых, набытае ў вядучых вытворцаў Кітая, — удакладняе першы намеснік дырэктара ТАА «БелЭмса» Аляксандр КАЛЯСНЁЎ. — Уявіце сабе, выпуск дзіцячых падгузкаў на ім адбываецца з хуткасцю 600 штук за хвіліну.

На прадпрыемстве створана 470 працоўных месцаў, 16 з якіх з’явіліся зусім нядаўна ў сувязі з запускам новай аўтаматызаванай лініі па вытворчасці паглынальных аднаразовых пялёнак. У стварэнне лініі ўкладзена 1,5 мільёна еўра. Вытворчая магутнасць абсталявання дазваляе выпускаць больш чым 10 мільёнаў адзінак гэтай прадукцыі ў месяц. Палова яе будзе адгружацца на экспарт.

СЫРАВІНА — АЙЧЫННАЯ

Уся сыравіна, што выкарыстоўваецца пры вырабе прадукцыі, праходзіць кантроль у акрэдытаваных лабараторыях па паказчыках гігіенічнай бяспекі, прадугледжаных тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза.

— Сыравіна, дарэчы, у нас айчыннай вытворчасці, — удакладняе Аляксандр Каляснёў. — Па цэлюлозе супрацоўнічаем са светлагорскімі ЦКК і «Хімвалакно», спанлейс закупляем у «Магілёўхімвалакно», размеркавальны слой для падгузка бяром у «Антопальскага тэкстылю». Працуем у звязку з некалькімі беларускімі заводамі.

Рэалізаваць патэнцыял кампаніі дапамагае дзяржава. СЭЗ «Магілёў» — пляцоўка, дзе створаны ўмовы для развіцця бізнесу, дзейнічаюць пэўныя льготы і прэферэнцыі.

Суразмоўнік пагаджаецца, што гэта культывуе бізнес, дае імпульс развіццю і матывуе інвеставаць. Аддача — не толькі ў вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі, але і ў дзейнасці на карысць сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.

— Мы пачыналі са ста працоўных месцаў, цяпер павялічылі іх амаль у пяць разоў, — аргументуе суразмоўнік. — Падаткі ўмацоўваюць абласны бюджэт. Аказваем дабрачынную дапамогу грамадскім арганізацыям, установам аховы здароўя, дзіцячым і спецыялізаваным дамам-інтэрнатам, інвалідам.

Дзейнасць прадпрыемства незастаецца незаўважанай. Па выніках работы за 2022 год яго назва была занесена на абласную і рэспубліканскую Дошкі гонару. Сёлета яно ўшанавана дыпломам І ступені Магілёўскага райвыканкама за перамогу ў раённым спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод прамысловых прадпрыемстваў. «БелЭмса» з’яўляецца пераможцам конкурсу «Найлепшы экспарцёр 2023 года» ў намінацыі «Цэлюлозна-папяровая прамысловасць», другі раз запар па выніках работы за год становіцца лаўрэатам Нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года».

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Кампетэнтна

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан СТРАХАР:

— Толькі ў партнёрстве з дзяржавай можна развіваць прадпрыемствы і краіну. Малы і сярэдні бізнес з кожным годам робіць усё большы ўнёсак у развіццё эканомікі Магілёўскай вобласці і краіны ў цэлым. І «БелЭмса» — пацвярджэнне гэтаму. Сёння яно ўваходзіць у топ прадпрыемстваў прамысловасці рэгіёна. Пры гэтым вельмі важна, што ўсе гады існавання яно было сацыяльна арыентавана, кожны прадукт накіраваны на патрэбы насельніцтва. А ў перыяд пандэміі менавіта «БелЭмса» ў найкарацейшыя тэрміны арганізавала ў сябе вытворчасць аднаразовых масак і тым самым вырашыла пытанне бяспекі нашых грамадзян. Як і кожнае камерцыйнае прадпрыемства, яно нацэленае на развіццё, але разам з тым і на выраб імпартазамяшчальных тавараў, вельмі важных для насельніцтва.

У краіне ўвесь час ствараюцца новыя магчымасці і прэферэнцыі для малога і сярэдняга бізнесу, удасканальваецца заканадаўства аб інвестыцыйнай дзейнасці, распрацоўваюцца новыя праграмныя прадукты для малога і сярэдняга бізнесу. Важна тое, што ў Беларусі забяспечана стабільнасць заканадаўства і створаны бяспечныя ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва.