Зігуля, Н. Вясна пад назвай «М.art.кантакт» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 13 сакавіка. — С. 13.
Чым будзе здзіўляць XVIII Міжнародны маладзёжны тэатральны форум
Ён завітае ў Магілёў ужо на наступным тыдні. На працягу васьмі дзён з 20 да 27 сакавіка на сцэнах двух абласных магілёўскіх тэатраў — драматычнага і лялечнага, а таксама абласной філармоніі будуць ісці захапляльныя камічныя, драматычныя, музычныя, містычныя і іншыя пастаноўкі, якімі парадуюць госці форуму. Магілёўскі абласны драматычны тэатр на правах гаспадара таксама рыхтуе шмат цікавага.
Усяго ў афішы — 24 спектаклі ад тэатральных калектываў з Беларусі, Расіі і Азербайджана. Сем тэатраў — Орскі драматычны імя А. С. Пушкіна, Азербайджанскі акадэмічны рускі драматычны, Ульянаўскі маладзёжны імя Б. Аляксандрава, Разанскі драмы, камерны драматычны з Волагды, Луганскі акадэмічны музычна-драматычны імя М. Галубовіча і драматычны «Тэатральны каўчэг у Дубраве імя протаіерэя Аляксандра Меня» з Сергіева Пасада — удзельнічаюць у форуме ўпершыню.
Асаблівасць сёлетняга форуму — пяць монаспектакляў.
— Монаспектакль — вельмі складаны жанр, патрабуе ад артыста віртуознай гульні, каб утрымаць увагу залы, — аргументуе намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Вераніка ЮРГЕЛАС. — І мы запрасілі менавіта такіх выканаўцаў.
На многія пастаноўкі білетаў ужо даўно няма. Кошт — ад 25 да 110 рублёў, але гэта не спыняе сапраўдных аматараў мастацтва. Адна прыхільніца не пашкадавала амаль тысячу рублёў, каб наведаць усе пастаноўкі.
Як заўсёды яркім і запамінальным будзе адкрыццё форуму. Галоўны рэжысёр тэатра Каміля ХУСАІНАВА паведаміла, што трупа дапаможа гледачу настроіцца на святочны лад невялічкім тэатральным шоу з лазернымі спецэфектамі. Каміля запэўнівае, што форум абяцае быць насычаны цікавымі сустрэчамі, эмоцыямі, стасункамі. «Асабіста для мяне ён асацыюецца з энергіяй, нараджэннем чагосьці новага і прыгожага, як сама вясна», — кажа яна.
Форум працягне пазіцыянаваць сябе і як адукацыйная платформа. Для артыстаў тэатра і навучэнцаў Магілёўскага каледжа мастацтваў адбудуцца майстар-класы, будзе працаваць лабараторыя маладой рэжысуры.
Традыцыйнымі застаюцца абмеркаванні спектакляў пасля іх прагляду тэатразнаўцамі з удзелам тэатральных калектываў. Экспертны савет узначаліць старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, доктар мастацтвазнаўства Вераніка ЕРМАЛІНСКАЯ. Маладзёжнае журы будзе прадстаўлена выпускнікамі Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва.
Па выніках форуму вызначацца тры найлепшыя пастаноўкі па меркаваннях экспертнага і маладзёжнага журы, а таксама гледачоў. Найлепшых адзначаць «залатымі маскамі», усіх астатніх — «сярэбранымі». Гэтыя сімвалічныя статуэткі ў тэатральным асяроддзі ўжо называюць магілёўскім Оскарам. Цікава ведаць, што іх на працягу болей чым дзесяці гадоў вырабляе начальнік мастацкага бутафорскага цэха тэатра Алег ПЕЧАНКО. Ён выкарыстоўвае мармур, дрэва, гіпс, метал, розныя ўстаўкі. «Эскіз статуэткі калісьці распрацаваў віцебскі мастак Сяргей Сотнікаў, а я яго дапрацаваў і прыдаў індывідуальнасці, — удакладніў суразмоўнік. — Левы бок маскі з каронай сімвалізуе мінулае, правы — моладзь, маладыя парасткі зверху — гэта нашы нашчадкі. Вось такая сімвалічная пераемнасць». На гэты раз зроблена 27 масак. Спатрэбілася каля месяца, каб давесці іх да кандыцыі. Але гэта работа творчая і прыемная. Мастак прызнаецца, што асабіста для яго форум як глыток свежага паветра і ён жыве ў прадчуванні цікавых сустрэч. А гэта заўсёды натхняе.
Нэлі ЗІГУЛЯ.