Размова на роўных

Зігуля, Н. Размова на роўных / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 9 верасня. — С. 5.

Падчас рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Беларусь адзіная» ў Магілёве абмеркавалі тэму будучага

Удзел у дыялогу прынялі вядомыя лідары грамадскай думкі: палітолаг, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Уладзімір Паўлоўскі, беларускі кінарэжысёр Кірыл Халецкі. На сустрэчы ў МДУ імя А. Куляшова эксперты гаварылі пра тое, як важна маладым людзям быць актыўнымі, ініцыятыўнымі, мэтанакіраванымі і адзінымі. Знамянальна, што мерапрыемства адбылося напярэдадні Дня народнага адзінства.

photo_2025-09-08_18-08-49 (3).jpg

Тэма размовы, якая адбылася, — «Беларусь: стратэгія будучага». Тое, што моладзь з’яўляецца магутным драйверам, гаварыла за сябе і выстаўка дасягненняў маладых вынаходнікаў ВНУ Магілёўшчыны. На ёй можна было ўбачыць інавацыйныя распрацоўкі маладых вучоных. Гэта і праграмнае забеспячэнне, і патрыятычныя праекты, і харчовыя распрацоўкі, і праекты пра захаванне народнай спадчыны, і нават універсітэцкае дакументальнае кіно. Большасць прысутных ў зале склала таксама моладзь. Пытанні можна было задаць і праз чат-бот, перайсці ў які прапаноўвалася праз QR-код, пазначаны на экране. Спачатку меркаваннямі наконт будучага Беларусі падзяліліся спікеры.

Вадзім Гігін, напрыклад, закрануў актуальны сёння парадак дня, расказаў пра дасягненні і выклікі, якія існуюць. З дасягненняў ён адзначыў моцную прэзідэнцкую ўладу, мадэль народаўладдзя, якая набірае абароты, і тое, што народ адстаяў краіну ў самы небяспечны час. Праз пяць гадоў ён бачыць Беларусь прэзідэнцкай дзяржавай, мірнай і бяспечнай краінай, якая актыўна развівае Саюзную дзяржаву.

photo_2025-09-08_18-08-49 (2).jpg

— Па ўсім свеце назіраецца крызіс нацыянальных ідэалогій, вялікі пераходны працэс, звязаны з фарміраваннем новага светаўладкавання, — падкрэсліў ён. — І вельмі важна ведаць, якое месца зойме Беларусь у гэтым новым свеце, які фарміруецца. Наша грамадства павінна быць маналітным, размаўляць на адной мове і праз пакаленні трансліраваць тыя сэнсы, якія былі сфарміраваныя Прэзідэнтам.

Атрымалася пагутарыць і на тэму будучага беларускага кіно. Пры наведванні кінастудыі «Беларусфільм» Прэзідэнт краіны звяртаў увагу на тое, што беларускі кінематограф павінен у бліжэйшы час больш гучна заявіць пра сабе. І Кірыл Халецкі — адзін з тых, хто працуе ў гэтым кірунку. Імя маладога беларускага кінарэжысёра ўжо вядома прыхільнікам кінамастацтва. Ён аўтар нашумелых у сацсетках фільмаў «Дарога», «Кіношнікі», «Культурны код», «Антракт», «Дзеда». Хутка ў відэапракат выйдзе яго новы фільм «Класная».

— Галоўнае — пачуць моладзь і падтрымаць, як гэта было ў свой час са мной, — падзяліўся ён у размове з журналістамі. — У нашай краіне ўсё створана для таго, каб так і было. Трэба толькі не апускаць рукі, калі нешта адразу не атрымалася. Сёння на кінастудыі вялікі прыток маладых людзей. Іх падтрымліваюць, ім даюць зялёнае святло. Не сумняваюся, што хутка мы ўбачым шмат цікавых кінастужак.

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Уладзімір Паўлоўскі акцэнтаваў увагу на тым, што для развіцця моладзі ў краіне створаны ўсе магчымасці.

— Нягледзячы на санкцыі, Беларусь працягвае развівацца, забяспечвае харчовую бяспеку, шукае новыя рынкі і нават скарае космас, — адзначыў у сваёй прамове парламентарый. — Ва ўсіх гэтых кірунках дзяржава робіць стаўку на моладзь, таму што гэта інвестыцыі ў будучыню краіны.

Пры гэтым вельмі важна, каб сувязь паміж пакаленнямі не перарывалася. У адзінстве наша сіла. Такі быў асноўны пасыл мерапрыемства.

— Гэты фармат размовы зразумелы і цікавы аўдыторыі, — выказаўся наконт інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Беларусь адзіная» Вадзім Гігін. — Галоўная ідэя, якая нас аб’ядноўвае, — гэта будучае Беларусі. І па тых акцыях, якія ўжо адбыліся ў іншых гарадах, можна сфарміраваць гэты вобраз. Мы гаворым пра тыя тэмы, якія хвалююць грамадства, аналізуем пытанні, якія паступаюць у нашы чат-боты. Гэта форма сустрэч наватарская, запатрабаваная аўдыторыяй, дазваляе разняволіць людзей, выбудаваць больш адкрыты дыялог. У свой час цікавымі былі дыялогавыя пляцоўкі, якія паступова сышлі да лекцый. Калі мы бачым, што нейкія формы стасункаў страчваюць пазіцыі, прыдумваем новыя. Мы павінны гэта маштабіраваць, прасоўваць, абагачаць новымі фішкамі. Гэта выклікае водгук у людзей. Галоўнае — змест. Гэта і ёсць «Марафон адзінства», але ў іншых формах.

Нэлі ЗІГУЛЯ,

Фота аўтара.