Сінькевіч, Г. Нейрасеткі на карысць / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 12 верасня. — С. 20.
Як нейрасеткі дапамагаюць педагогу Аліне Манвелян рыхтавацца да ўрокаў
Тэхналогіі штучнага інтэлекту можна і трэба ўкараняць у навучанне. Пры правільным падыходзе гэта выдатны інструмент, які дазваляе зрабіць урокі займальнымі і цікавымі. Такога меркавання прытрымліваецца настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 21 Магілёва Аліна Манвелян. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Магчымасці прымянення штучнага інтэлекту ў адукацыі Аліна Віктараўна даследуе на працягу трох гадоў. За гэты перыяд яна выбудавала ўласную сістэму работы ў гэтым напрамку.
У найбліжэйшых планах Аліны Манвелян — стварэнне сайта, які дапаможа школьнікам у вывучэнні геаграфіі. Платформа будзе напоўнена разнастайнымі картамі са спасылкамі на чат-боты і інтэрактыўныя заданні
Фота аўтара
— Інавацыі ў галіне штучнага інтэлекту трывала ўвайшлі ва ўсе сферы жыцця. Адукацыя не выключэнне. І гэтыя тэхналогіі могуць працаваць на карысць педагога. Нейрасеткі дапамагаюць пазбавіцца руціны, вызваляюць час, робяць заняткі больш захапляльнымі, — паведаміла настаўніца.
Першыя крокі ў выкарыстанні штучнага інтэлекту Аліна Манвелян пачала з сэрвісаў — Kandinsky, Gamma, Шэдэўрум. Чат-боты дазвалялі аператыўна ствараць наглядныя матэрыялы для ўрокаў.
— Сучасным дзецям неабходна візуалізацыя, выразная структура ўяўлення тэмы. Праз штучны інтэлект генерыравала яркія ілюстрацыі, знаходзіла незвычайныя факты, рабіла прэзентацыі. Прычым гэтыя дзеянні займалі ў літаральным сэнсе імгненне. Калі раней на складанне прэзентацыі ў мяне затрачвалася мінімум паўгадзіны, то пры канкрэтным запыце для нейрасетак спраўляюся з гэтай справай за пару мінут, — расказала Аліна Віктараўна.
Зараз педагог прымяняе тэхналогіі штучнага інтэлекту не толькі для нагляднасці. Нейрасеткі дапамагаюць ёй рыхтаваць планы-канспекты ўрокаў, распрацоўваць інтэрактыўныя заданні.
— Шырока выкарыстоўваю рэсурс Canva. Сэрвіс знаёмы многім настаўнікам, якія робяць акцэнт на візуалізацыю. Нядаўна распрацоўшчыкі дабавілі ў яго функцыю штучнага інтэлекту. Тут можна задаць код праграмавання і зрабіць уласны сайт ці віртуальную гульню. Яшчэ адзін сэрвіс з вялікім дыяпазонам выкарыстання — “Акулы нейронавых сетак”. Ён умее генерыраваць тэксты, заданні, малюнкі, відэа, музыку. Пры яго дапамозе разам з вучнямі вывучаем геалагічныя праблемы, гістарычныя працэсы ў кантэксце геаграфіі. Вельмі падабаецца дзецям ажыўленне фатаграфій і дыялогі з гістарычнымі асобамі. Даволі часта выкарыстоўваю на занятках такія гутаркі. Для гэтага ў маім арсенале — Character.ai. На аснове рэсурсу аформіла чат-бот па геаграфіі Беларусі для дзевяцікласнікаў. Загрузіла змест падручніка, вучэбнае планаванне і цяпер з простымі пытаннямі аб сутнасці параграфа або дамашнім заданні дзеці звяртаюцца да нейрасеткі, — адзначыла Аліна Манвелян.
Праз сэрвіс Character.ai настаўніца стварае чаты з гістарычнымі асобамі. Тэму “Заснаванне Рыма” вучні Аліны Віктараўны вывучаюць у дыялогу з Ромулам
У падрыхтоўцы да ўрокаў, складанні рознаўзроўневых заданняў, аналізе паспяховасці вучняў Аліна Віктараўна абапіраецца на сэрвісы Teachy.ai, Flint, ZipGrade. Teachy.ai дазваляе настаўніцы выбудоўваць заняткі з упорам на далучэнне навучэнцаў да праектнай дзейнасці, фарміраванне ў іх функцыянальнай дасведчанасці. Выкарыстоўваючы рэсурс Flint, яна стварае для вучняў персаналізаваныя заданні з рознымі варыянтамі складанасці. А дзякуючы дадатку ZipGrade — складае тэсты з маментальнай праверкай.
— З матэрыялаў вучэбных дапаможнікаў распрацоўваю самастойныя работы ў тэставым фармаце. Раздрукоўваю іх на бланках са спецыяльнымі кодамі. Пасля выканання вучнямі наводжу на іх камеру смартфона і за 5 секунд ацэньваю ўзровень ведаў, — растлумачыла Аліна Манвелян.
Свой вопыт работы Аліна Віктараўна актыўна папулярызуе. Яна з’яўляецца пераможцай конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, уваходзіць у склад рэспубліканскай творчай групы па выкарыстанні штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе, удзельнічала ў складанні адпаведных метадычных рэкамендацый для настаўнікаў краіны.
— Галоўны плюс прымянення нейрасетак — істотная эканомія часу. Дэлегаванне штучнаму інтэлекту штодзённых адміністрацыйных задач дазваляе ўдзяляць больш увагі ўзаемадзеянню з вучнямі, іх выхаванню. Дарэчы, у выхаваўчай рабоце нейрасеткі таксама карысныя. Праз чат-боты аналізуем з дзецьмі прагнозы па развіцці Беларусі. Склала для вучняў шэраг анлайн-гульняў па вывучэнні нашай геаграфіі, гісторыі, культуры, славутасцей, — падзялілася Аліна Манвелян.
Паводле яе слоў, тэхналогіі штучнага інтэлекту эфектыўныя і ў распрацоўцы індывідуальных адукацыйных траекторый. За кароткі тэрмін педагог можа падрыхтаваць заданні для кожнага вучня з улікам яго асобасных здольнасцей.
— Вядома, ёсць і негатыўныя моманты. Ключавы з іх — дакладнасць звестак. Нейрасеткі нярэдка прыдумваюць неіснуючыя факты, таму ўсю інфармацыю патрэбна дасканала пераправяраць, — падкрэсліла Аліна Віктараўна. — Але гэта на справе даказвае, што ніякі штучны інтэлект не зможа замяніць рэальнага настаўніка. Без інавацый не абысціся. Аднак важна ўмець знаходзіць баланс паміж тэхналогіямі і жывым навучаннем.
Ганна СІНЬКЕВІЧ