Сінькевіч, Г. Рэлакс-зона / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 7 кастрычніка. — С. 13.
Унікальную зону адпачынку стварылі ў сярэдняй школе № 8 Магілёва. Месца для рэлаксацыі аформілі ў кабінеце псіхолага, пад які пераабсталявалі адну з лабаранцкіх.
Калектыў установы самастойна распрацаваў дызайн-праект зоны адпачынку. Увагу ўдзялілі кожнай дробязі. Агульнымі намаганнямі пастараліся зрабіць так, каб у памяшканні ўсё садзейнічала маральнай перазагрузцы.
— Абнавілі сцены і падлогавае пакрыццё, закупілі новую мэблю, тэхніку, неабходнае абсталяванне і літаратуру. Акцэнт зрабілі на спецыяльнай рэлакс-зоне: адну са сцен упрыгожылі фрэскай з марскім пейзажам, устанавілі мяккія крэслы, акварыум, прыгожыя хатнія расліны. Гэтыя элементы ствараюць атмасферу спакою і натхняюць на даверлівыя гутаркі, — расказала дырэктар Ірына Рыбакова.
Навучэнцы ўжо ацанілі куток для перазагрузкі. Водзывы аб зоне рэлаксу ў дзяцей толькі станоўчыя. Хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць сюды як для размоў з псіхолагам, так і проста адпачыць.
— Асяроддзе адыгрывае вялікую ролю ў эфектыўнасці псіхалагічнай падтрымкі. Цяпер у нас самыя сучасныя ўмовы ў гэтым плане. Асаблівае захапленне ў вучняў выклікае зона адпачынку. Менавіта тут праводжу дыялогі з дзецьмі. Нязмушаная абстаноўка дапамагае навучэнцам раскрыцца, падзяліцца цяжкасцямі і праблемамі, — адзначыла педагог-псіхолаг Святлана Балуценка.
Адметна, што ў рамках падрыхтоўкі да новага навучальнага года абноўлены і шэраг іншых кабінетаў школы. У шматлікіх класах была заменена падлога, вучэбная мэбля. Істотна змянілася і прылеглая тэрыторыя: на ўчастку высадзілі сотні кветак, стварылі новыя арыгінальныя клумбы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.