Выкладчык для педагога

Жудро, М. Выкладчык для педагога / Міхаіл Жудро ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 4 кастрычніка. — С. 8—9.

Як нараджаюцца інавацыі, якія робяць вучобу творчай і пазнавальнай

Урокі павінны быць нясумнымі, а сустрэчы з настаўнікам — жаданымі. Трэба, каб на занятках панавала стваральная атмасфера творчасці і пошуку. У Беларусі існуе цэлая сістэма падтрымкі інавацый у адукацыі. Рэгулярныя конкурсы і спаборніцтвы для педагогаў дазваляюць вылучыць самыя эфектыўныя і крэатыўныя практыкі, якія потым прымяняюцца ў навучальным працэсе. А скарыстацца імі і зрабіць свае ўрокі ўнікальнымі і запамінальнымі дапамагаюць менавіта метадысты — так званыя настаўнікі для настаўнікаў.

— Іх роля ў перападрыхтоўцы педагогаў сапраўды неацэнная, — сцвярджае рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл ЖУДРО. — Паспяховы метадыст — гэта не толькі тэарэтык, але і практык, які прайшоў доўгі шлях у школе. Такі спецыяліст ведае, як аб’яднаць акадэмічныя веды з патрэбамі штодзённай практыкі, пераўтвараючы навуковыя распрацоўкі ў канкрэтныя метадычныя рэкамендацыі, зразумелыя кожнаму настаўніку. Гэты пастаянны дыялог паміж тэорыяй і практыкай стварае ўнікальны сінергетычны эфект, які і забяспечвае якасны скачок у адукацыі. Наша ўстанова і ёсць тая самая прастора для прафесійнага станаўлення настаўніка, дзе нараджаюцца сучасныя педагагічныя ідэі, умацоўваюцца сувязі аднадумцаў і фарміруюцца асновы якаснай адукацыі.

Акрамя павышэння кваліфікацыі інстытут прапануе педагогам вобласці шмат розных форм для ўдасканалення прафесійнай дзейнасці стажыроўкі, навучальныя курсы, тэматычныя семінары, трэнінгі, практыкумы, майстар-класы. Менавіта сюды настаўнікі прыходзяць за прафесійнай падтрымкай і натхненнем.

— Дарэчы, метадыстамі становяцца найбольш вопытныя педагогі, якія дасягнулі высокага ўзроўню майстэрства, умеюць сістэмна думаць і натхняць калег, — удакладняе рэктар. — Задача метадыста — не толькі рэалізацыя дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі і ўкараненне сучасных тэхналогій, але і фарміраванне прафесійнай супольнасці настаўнікаў.

  • Каб ісці ў нагу з часам, інстытут адкрывае новыя адукацыйныя пляцоўкі. Летась на яго базе пачаў працаваць цэнтр «Духоўнасць. Маральнасць. Патрыятызм». Ён спецыялізуецца на метадычным суправаджэнні педагогаў, якія выкладаюць адпаведны курс.

Інавацыйнай стажыровачнай пляцоўкай для педагогаў стаў STEM-цэнтр інстытута, дзе яны асвойваюць робататэхніку, лічбавыя тэхналогіі і сучасныя падыходы да навучання.

— Тут нараджаюцца ідэі, якія затым увасабляюцца ў школах вобласці, а метадысты дапамагаюць адаптаваць іх да рэальных умоў, — акцэнтуе рэктар. — Гэта тая прастора, дзе тэхналогіі сустракаюцца з педагогікай, а творчасць — з дакладнасцю.

Асобная ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню. Для гэтага быў створаны інфармацыйна-асветніцкі стэнд «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Ён наглядна дапамагае педагогам фарміраваць у падлеткаў пачуццё гістарычнай памяці і грамадзянскай адказнасці.

За першае паўгоддзе інстытут правёў больш як 500 разнастайных адукацыйных мерапрыемстваў для спецыялістаў сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі вобласці, удзельнікамі якіх стала звыш 18 тысяч чалавек.

— Праз пастаянны пошук, навучанне і абмен вопытам ствараецца тое творчае адукацыйнае асяроддзе, дзе веды становяцца жывымі, а вучоба — цікавай і жаданай, — рэзюмуе Міхаіл Жудро.