Кадры са знакам якасці

Зігуля, Н. Кадры са знакам якасці / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 19 лістапада. — С. 8—9. — (Дадатак: Чырвонка).

Адмысловыя майстэрні, інавацыйныя распрацоўкі, творчы падыход — на гэтым у Магілёве выхоўваюць будучых энергетыкаў

Сёлетні VІ Рэспубліканскі конкурс прафмайстэрства «ProfSkіlls Belarus 2025» яшчэ раз пацвердзіў высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў у Магілёўскім дзяржаўным электратэхнічным каледжы. У кампетэнцыі «Электрамантаж» другое месца заваяваў яго навучэнец Мікіта Фіялкоўскі. Наогул на працягу ўсяго існавання гэтага конкурсу ўстанова стабільна займае прызавыя месцы.


Адмысловыя майстэрні, інавацыйныя распрацоўкі, творчы падыход — на гэтым у Магілёве выхоўваюць будучых энергетыкаў

У нагу з часам

Магілёўскі электратэхнічны каледж у сістэме падрыхтоўкі электраманцёраў і электрамантажнікаў лічыцца вядучым. Тут знаходзіцца Цэнтр кампетэнцый рэспубліканскага ўзроўню.

— У нас устаноўлена ўнікальнае абсталяванне, якое ў свой час мы самі распрацавалі і ўзгаднілі з Рэспубліканскім інстытутам прафадукацыі, — расказвае дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа Віктар БУРАКА. — Пад яго выдзелілі сродкі з умовай, што тут будуць вучыцца не толькі нашы навучэнцы. І сёння да нас прыязджаюць з усіх устаноў, дзе няма такой базы.

— У рабоце задзейнічаны розныя майстэрні каледжа ў залежнасці ад праграмы, па якой вядзецца навучанне, — удакладняе загадчык Цэнтра кампетэнцый Уладзімір МУРАШКЕВІЧ. — Людзі, якія працуюць, таксама могуць павысіць у нас свой разрад або атрымаць сумежную прафесію.

Матэрыяльна-тэхнічная база пастаянна абнаўляецца за кошт сваіх сродкаў. Сёлета каледж атрымаў ад сваёй дзейнасці амаль 2 мільёны рублёў.

— Магчымасць ісці ў нагу з часам дазваляе нам не толькі рыхтаваць запатрабаваных спецыялістаў, але і паказваць высокія вынікі на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах прафмайстэрства, — аргументуе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля ЯШНАЯ.

Тут нараджаюцца ідэі

На рахунку выкладчыка вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Валерыя БЕГУНОВА не адзін пераможца розных конкурсаў.

— Мы адзіныя сярод сярэдніх спецыяльных устаноў краіны тройчы перамагалі ў конкурсе «100 ідэй для Беларусі», — кажа ён. — А ў рэспубліканскім конкурсе «Энергамарафон», дзякуючы перамогам, зарабілі за апошнія тры гады 500 тысяч рублёў. За кошт гэтых сродкаў набылі электраабсталяванне для кухні, пральныя машыны, станкі ў слясарных майстэрнях.

Пад кіраўніцтвам Валерыя Бегунова маладыя людзі вывучаюць тонкасці работы рухавіка ў разнастайных рэжымах, збіраюць схемы кіравання, робяць адкрыцці. Навучэнец Вячаслаў Дзянісаў, напрыклад, распрацаваў бесперабойны накапляльнік і стаў пераможцам апошняга конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Работа атрымала патэнт, які пацвярджае навізну ідэі.

— Вынаходніцтва вельмі карыснае, — лічыць малады чалавек. — Накапляльнік працуе ад сонечных батарэй і не забруджвае паветра як, напрыклад, дызельны. На яго работу не аказваюць уплыў такія стыхійныя бедствы, як сёлетні ўраган.

Дарэчы, каледж збіраецца ўкараніць гэту ідэю.

Майстар вытворчага навучання Сяргей ЛАСЯНКОЎ, які выкладае тут ўжо на працягу 40 гадоў, перакананы, што каледж дае вельмі важныя для кожнага юнака веды. У жыцці яны спатрэбяцца і тады, калі нават далейшая дзейнасць будзе звязаная з іншай прафесіяй.

Адметнасць установы яшчэ ў тым, што яна адзіная ў вобласці рыхтуе аператараў паштовай сувязі. Прафесійна развівацца і гібка рэагаваць на патрабаванні рынку ім дапамагае тое, што яны адначасова вывучаюць сумежныя кампетэнцыі.

— Нашым аператарам шмат чаго трэба ведаць, — удакладняе майстар вытворчага навучэння Ала ТРАЦЭЎСКАЯ. — Яны і паштовыя работнікі, і страхавыя агенты, і прадаўцы.

У дадатак да спецыяльнасці

Установа добра сумяшчае адукацыйную дзейнасць з выхаваўчай. Пры каледжы функцыянуе ваенна-патрыятычны клуб «Следапыт», удзельнікі якога пад кіраўніцтвам вопытнага пошукавіка абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Сяргея Тагаева вывучаюць ваеннае мінулае і ўдзельнічаюць у раскопках. Пры ўстанове функцыянуе цір, распрацаваны сумеснымі намаганнямі педагогаў і навучэнцаў.

— Карэкціроўка агню робіцца па камп’ютары, — удакладняе кіраўнік фізвыхавання Станіслаў ТАЛКАНІЦА. — Тут усё аўтаматычна і бяспечна.

Навучэнцы дэманструюць добрыя веды не толькі па спецпрадметах. Другакурснік Станіслаў Дрозд стаў пераможцам міжнароднага конкурсу архіўных, даследчых і пошукавых работ ва Уладзівастоку «Героі Хасана на карце Расіі — Героі Вялікай Айчыннай вайны». Юнак актыўна ўдзельнічае ў алімпіядах па гісторыі, заваёўвае прызавыя месцы.

— Нашы маладыя людзі вывучаюць гісторыю па музейных экспанатах, выязджаюць на тыя месцы, дзе адбываліся ваенныя падзеі. Усё гэта яркае праяўленне патрыятызму, — пераканана метадыст Марыя КАЎЦЭВІЧ.

Гонар навучальнай установы — вакальная студыя «Прамень», двойчы пераможца рэспубліканскага конкурсу «Арт-вакацыі». У ёй задзейнічана каля 70 навучэнцаў.

— Наш хор на слыху, выступае на самых прэстыжных сцэнах, — кажа педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік студыі Ірына БУРАКОЎСКАЯ. — За кошт сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці закуплена 400 розных канцэртных касцюмаў. Асаблівасць нашага хору ў тым, што кожны год каля 40 % яго ўдзельнікаў заканчваюць вучобу і сыходзяць. Мы набіраем новых, і за год яны дасягаюць прыкметных поспехаў.

Попыт расце

Выпускнікі каледжа запатрабаваны на рынку працы. І ўстанова робіць усё магчымае, каб задаволіць попыт. Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Іна ДЗЯНІСАВА, летась каледж выпусціў 149 спецыялістаў, а сёлета — 218.

Нэлі ЗІГУЛЯ