Сінькевіч, Г. Заўважнае майстэрства / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 28 лістапада. — С. 21.
Настаўнік геаграфіі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Дзмітрый Паджыгераў адзначаны медалём “За працоўныя заслугі”. Штогод вучні гэтага педагога выходзяць у пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд.
Я географ у трэцім пакаленні. Гэты вучэбны прадмет выкладалі бабуля і бацька. Працягваю сямейную дынастыю, аб чым ні разу не пашкадаваў, — падзяліўся Дзмітрый Уладзіміравіч.
За 20 гадоў у прафесіі Дзмітрый Паджыгераў выпрацаваў сваю сістэму эфектыўнага навучання. Урокі настаўнік праводзіць у творчай атмасферы, імкнецца максімальна захапіць дзяцей. Разбіраючы тэмы, падае матэрыял праз яркія вобразы, шырока выкарыстоўвае мультымедыйныя і інфармацыйныя тэхналогіі.
— Вучу дзяцей самастойна ўдасканальваць свае веды. Падчас заняткаў паказваю ім значнасць геаграфіі, бо гэтая навука дапамагае цэласна ўспрымаць навакольны свет, ад-значыў Дзмітрый Уладзіміравіч.
Важнае месца Дзмітрый Паджыгераў адводзіць рабоце з адоранымі вучнямі. У гэтым напрамку педагог робіць акцэнт па асобасна арыентаваным падыходзе.
Навучэнцы праяўляюць сябе па-рознаму. Неабходна разгледзець індывідуальныя здольнасці кожнага, каб дапамагчы іх раскрыць. Адораных хлопцаў і дзяўчат матывую да ўдзелу ў алімпіядным руху. Але да алімпіяды трэба дбайна рыхтавацца, таму сумесна з вучнямі дэталёва вывучаем тэарэтычны матэрыял, адпрацоўваем практычныя навыкі ў ходзе рэальных палявых выхадаў, — расказаў Дзмітрый Уладзіміравіч.
Падрыхтоўка да алімпіяд нярэдка праходзіць па выхадных і на канікулах. Сустракаючыся раніцай, педагог і навучэнцы могуць правесці разам цэлы дзень.
— Па форме правядзення заняткі больш падобны на клуб аматараў геаграфіі. У нас склаліся пэўныя традыцыі: акрамя таго, што штудзіруем вучэбны матэрыял, спяваем песні пад гітару, дзелімся надзённымі праблемамі, вядзём алімпіядны фоталетапіс, з ліцэйскай калекцыі мінералаў дзеці выбіраюць сабе талісманы на поспех. Усё гэта аб’ядноўвае, матывуе вучняў на паспяховыя выступленні.
Перамог у навучэнцаў Дзмітрыя Паджыгерава нямала. Толькі сёлета яго падапечныя ўзялі 3 дыпломы на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі і 4 медалі на міжнародных геаграфічных алімпіядах.
— Радасна і ганарова ўсведамляць, што маю педагагічную дзейнасць заўважылі. Атрымаць медаль «За працоўныя заслугі» — ганарова і адказна, — падкрэсліў Дзмітрый Уладзіміравіч. — Буду старацца прымножыць працоўныя дасягненні, бо такая ўзнагарода з’яўляецца магутным стымулам на далейшую плённую працу.